Дэпутаты гарадской рады ў Гайнаўцы супраць маршу нацыянал-радыкалаў
“Будзем берагчы памяць пра трагічныя падзеі, якія зазналі праваслаўныя жыхары Падляшша,” – пішуць дэпутаты гарадской рады ў Гайнаўцы. Іх заява мае быць прынятая напярэдадні маршу нацыянал-шавіністаў, запланаванага на 23-га лютага.
Дэпутаты гарадской рады ў Гайнаўцы такім чынам хочуць заклікаць дэпутатаў польскага парламенту да прыняцця пастановы аб забароне сходаў, якія “прамуюць нянавіць і нясуць пагрозу добрым стасункам грамадзянаў Польшчы розных нацыянальнасцяў і канфесій, піша сённяшняе выданне “Газэты Выборчэй”.
У сувязі з правакацыйным пятым ужо Маршам памяці „выклятых жаўнераў”, запланаваным на бліжэйшую нядзелю ў Гайнаўцы, дзе жыхары ў большасці праваслаўныя беларусы, старшыня гарадской рады склікала на пятніцу пазачарговае паседжанне гарадской рады.
Нагадаем, што сёлета на зломе студзеня і лютага спаўняецца семдзесят чатыры гады трагічных падзеяў. У 1946 годзе падраздзяенне польскага збройнага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса, псеўданім “Буры”, правяла карныя аперацыі ў беларускіх вёсках на Беласточчыне. У выніку іх дзеянняў загінула семдзесят дзевяць чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці.
Падчас Маршаў памяці „выклятых жаўнераў” у Гайнаўцы польскія нацыяналісты, якія з’язджаюцца ў Гайнаўку з усёй Польшчы, гераізуюць якраз Рамуальда Райса „Бурага”.