Дэпутаты Сейміка Падляшскага ваяводства асудзілі рэпрэсіі ў Беларусі, але выказаліся за далейшае супрацоўніцтва
Дэпутаты Сейміка Падляшскага ваяводства асудзілі ў сваёй заяве, прынятай у чацвер (1 красавіка), рэпрэсіі супраць палякаў у Беларусі мясцовымі ўладамі; адначасова яны падтрымалі далейшае трансгранічнае супрацоўніцтва з Гарадзенскай і Берасцейскай абласцямі.
Яны сфармулявалі сваю пазіцыю падчас пазачарговай сесіі Сейміка, якая прайшла ў Інтэрнэце з-за пандэміі.
У заяве падкрэслена, што палякі, якія жывуць у Беларусі, не пагражаюць беларускай дзяржаве сваёй дзейнасцю, звязанай з вывучэннем польскай культуры і польскай мовы, бо „адначасова з’яўляюцца добрымі грамадзянамі гэтай краіны”.
Падляшскае ваяводства – прыгранічны рэгіён, ён прымыкае да Беларусі, супрацоўнічае з мясцовымі раёнамі, напрыклад, пры рэалізацыі трансгранічных праграм, з якіх паступаюць сродкі ЕЗ на розныя праекты.
У заяве адзнчана: „Мы высока цэнім трансгранічнае супрацоўніцтва з раёнамі: Гародні і Берасця, і мы хочам працягваць яго на карысць жыхароў. Мы спадзяемся, што ўлады Рэспублікі Беларусь будуць вырашаць унутраныя сацыяльныя праблемы шляхам дыялогу. Мы настойліва звяртаемся да ўлад Рэспублікі Беларусь з просьбай неадкладна вызваліць усіх арыштаваных і спыніць рэпрэсіі супраць грамадскіх арганізацый, у тым ліку польскай, а таксама супраць польскіх школ у Беларусі.”
Беларускае Радыё Рацыя