Для беларусаў няма ніякіх зменаў у памежным кантролі
У гэтым запэўнівае Падляшская памежная служба, якая абслугоўвае польска-беларускі ўчастак мяжы.
Польшча часова вярнула кантроль у зоне Шэнген, арганізавана 260 месцаў, дзе праводзіцца мабільны памежны кантроль. Разлічваецца, што на працягу месяца ў краіну можа ўехаць ад 2 да 2,5 мільёнаў грамадзян іншых дзяржаў. Гэта звязана з тым, што 8-9 ліпеня ў Варшаве пройдзе саміт НАТА, а 26-31 ліпеня ў Кракаве – Сусветныя дні моладзі. Абмежаванні працягнуцца па другога жніўня ўключна.
“У руху ў беларуска-польскім напрамку ніякіх зменаў на гэты перыяд не плануецца”, – запэўнівае прэс-сакратар Падляшскага аддзялення Памежнай службы, маёр Катажына Здановіч:
– Гэтае часовае вяртанне памежнага кантролю датычыць толькі ўнутраных межаў зоны Шэнген. У выпадку Падляшскага ваяводства, гэта тычыцца мяжы з Літвой. Калі гаварыць пра знешнюю мяжу Еўрапейскага звязу, у гэтым выпадку пра мяжу з Беларуссю, то ніякіх зменаў няма і не будзе. Кантроль праводзіцца таксама, як і да гэтага часу. Адзіная змена тычыцца асобаў, якія накіроўваюцца на Сусветныя дні моладзі. Калі яны загадзя паведамяць на мяжу пра свой прыезд, то будуць накіраваныя ў асобную, вызначаную для іх паласу руху, то бок хутчэй змогуць прайсці ўсе памежныя працэдуры.
Аднак правяраць дакументы цяпер могуць і ў самой Польшчы на катрольных пастах пры дарогах.
Прыгадаем, што Польшча таксама прыпыніла дзеянне дамоваў пра малы памежны рух з Украінай і Калінінградскай вобласцю Расеі на неакрэслены тэрмін. Апошнім разам межы зачыняліся чатыры гады таму ў час футбольнага чэмпіяната Еўра-2012.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя