Дні габрэйскай культуры ў Бельску



Чарговыя Дні габрэйскай культуры праходзяць у Бельску. Суполка вучняў школы № 4 «Вернем памяць» паказала сцэнкі са звычаямі, гульнямі і песнямі свята Ханукі. А Анджэй Верас прадставіў уласны збор габрэйскіх старадрукаў. Такім чынам бяльшчане ўшаноўваюць памяць сваіх колішніх суседзяў, якія да галакосту складалі амаль палову насельніцтва горада, кажа бургамістр Яраслаў Бароўскі:

– Бельск – гэта горад, дзе жывуць розныя культуры, мяшаюцца з сабой. Сёння жывуць тут беларусы, палякі, украінцы, ёсць праваслаўныя, католікі, евангелісты. А яшчэ перад вайной былі і габрэі, і іх было каля 50 адсоткаў перад вайной. Так што, калі мы будзем ведаць пра іх, не будзе стэрэатыпаў.

Сёлетнія, трэція па ліку, дні габрэйскай культуры пакінуць пасля сябе матэрыяльны след. На габрэйскіх могілках па вуліцы Браньскай адкрыты помнік – першы ў горадзе мемарыял памяці бельскіх габрэяў. Кажа Яраслаў Бароўскі:

– Мы адкрылі такі помнік, які павінен паказваць тую габрэйскую групу людзей, якія калісьці жылі ў Бельску, у ваколіцах. Вельмі цешуся тым, што разам са мной былі там і маладыя людзі, і вучні з бельскіх школ. Такія гісторыі ў кнігах яны не прачытаюць. Вельмі цешуся, што ёсць такія людзі, якім гісторыя Бельска, гісторыя гэтай зямлі блізка да сэрца. Хачу гэтую інфармацыю перадаваць для іншых маладых.

Сёння, 14 верасня, Дні габрэйскай культуры працягнуцца паказам фільмаў пра польскіх габрэяў, падрыхтаваным Томашам Вісьнеўскім, а таксама размовай з гісторыкам Збігневам Раманюком. Дні габрэйскай культуры праводзяцца намаганнямі фонду «Помнікі Бельскай зямлі» пад патранатам бургамістра Бельска.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя