Дні Міхалова без беларускага акцэнту



Без беларускага акцэнту прайшлі сёлета Дні Міхалова. Жыхары горада, роўна як і госці, што прыехалі выступіць на сцэне Міхалова і павіншаваць сваіх суседзяў са святам, не выконвалі беларускіх песень і танцаў. Чаму так сталася, тлумачыць намеснік бургамістра Конрад Сікора:

Мы не маем арганізацый, дзейнасць якіх звязана выключна з беларускай культурай у Міхалове. Але як гмінны асяродак культуры маем шмат элементаў, якія звязаны з гэта культурай. Паступова будзем гэта развіваць, бо на тое ёсць ідэі. Разам з тым нельга забываць, што вялікім святам беларускай культуры ў Міхалове ёсць «Прымацкая бяседа», якая праходзіць у жніўні. Таму гэтыя акцэнты крыху так падзелены, і тыя гурты, якія маглі б выступіць сёння, не выступаюць, бо будуць зоркамі на той імпрэзе.

10 гадоў таму Міхалова атрымала гарадскія правы. Гэтая і іншыя важныя даты ўспаміналіся ў час святкавання Дзён Міхалова, дадае Конрад Сікора:

Калі паглядзець на Міхалова, як яно змянілася цягам апошніх 10 гадоў, то падаецца, што прайшло 20 ці нават 30 гадоў. Гарадская рада прыняла рашэнне, паводле якога 4 чэрвеня – гэта Дзень Міхалова. Але, на жаль, у гэтым годзе гэта выпадае аўторак, таму мы перанеслі святкаванне на некалькі дзён раней. І было запланавана, каб гэта былі не толькі канцэрты, але і крыху рэфлексіі. Адначасова святкуем 30-ую гадавіну першых выбараў, якія прайшлі ўпершыню ў 1989 годзе. Таксама 15-годдзе ўваходу Польшчы ў склад Еўразвяза. Маем ўрачыстасці, звязаныя з дзецьмі.

Дні Міхалова сёлета супалі з Міжнародным днём дзіцяці, а таму ў час свята былі ўзнагароджаныя дыпломамі за асабістыя дасягненні школьнікі Міхалова. А ўсе дзеці па добрай традыцыі маглі паласавацца слодычамі і пабавіцца на бясплатных атракцыёнах.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Міхалова

Фота knyszynska.eu