Дні салідарнасці ў Кракаве
На бліжэйшых выходных ў Кракаўскім інстытуце культуры «Віла Дэцыуша» пройдзе беларуска-польскі фестываль „Культура ў эміграцыі”.
Падзею праанансавала ў нашым эфіры заснавальніца фестывалю, паэтка Кася Іофэ.
– Ні ў мінулым годзе, ані ў гэтым годзе Польшча не давала нам грантавай падтрымкі на фестываль, але мы вырашылі ўсё адно яго праводзіць. Па сутнасці гэта арганізавана на грошы, якія мае сама «Віла Дэцыуша». Вялікая падзяка Дамініцы Каспровіч, дырэктарцы «Вілы Дэцыуша» як чалавеку, дзякуючы якому ідэя сталася магчымай да выканання.
Цягам фэстывалю адбудуцца сустрэчы і дыскусіі з удзелам беларускіх літаратараў розных пакаленняў, у прыватнасці, Уладзіміра Някляева, Уладзіміра Арлова, Ганны Янкуты, Тацяны Нядбай ды іншых. 3 чэрвеня ў праграме заяўлены сярод іншага дзіцячы спектакаль і візуальны праект Марыі Алены Банэт. 4 чэрвеня прагучыць хор этнічнага спеву на чале з Настай Хмель. Асобным пунктам праграмы ў нядзелю значыцца выступ Святланы Ціханоўскай на тэму «перспектываў Вольнай Беларусі».
– Гэта галоўным чынам вялікая паслуга Дамініцы Каспровіч, якая пазнаёмілася асабіста з нашай абранай лідаркай апазіцыі. Плюс акрамя Святланы, канешне будзе праваабарончы цэнтр «Вясна». Таму што калі Таццяна Нядбай распавядае пра Алеся Бяляцкага, дзіўна абмінуць увагай галоўнае яго дзіця – «Вясну».
Падчас кракаўскага фестывалю „Культура ў эміграцыі” 3-4 чэрвеня ў Віле Дэцыюша будзе працаваць беларуска-польскі кніжны кірмаш. Падрабязней з праграмай можна пазнаёміцца на сайце willadecjusza.pl.
Беларускае Радыё Рацыя