Дні славянскай культуры ў Бельску
Дні славянскай культуры і пісьменнасці распачаліся ў Бельску. У рамках мерапрыемства прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя “Падляшша, Палессе і Гарадзеншчына”, у якой узялі ўдзел гісторыкі-прафесіяналы і аматары, супрацоўнікі архіваў, пісьменнікі, спецыялісты сферы турызму з Польшчы, Беларусі і Расеі. Дні славянскай культуры на Бельшчыне, якія ладзіць музей малой радзімы ў Студзіводах, цесна звязаныя з Пакроўскай царквой.
Кажа арганізатар Дарафей Фіёнік:
– Студзіводы знаходзяцца ў праваслаўным прыходзе Пакрова Божай Маці. Другое прыходское свята тут – гэта дзень памяці Св. Кірыла і Мяфодзія. Наш музей ад самага пачатку ўжо 5 гадоў ладзіць «Пралог» супольна з прыходам Пакроўскім у Бельску. Гэта таксама важна, што навукова-мастацкія моманты пераплятаюцца з духоўна-літургічнымі дзеяннямі. І гэта асаблівасць нашага мерапрыемства.
Дні славянскай культуры і пісьменнасці ў Бельску працягнуцца да 26 мая. 24 мая, у дзень памяці Св. Кірыла і Мяфодзія, у Пакроўскай царкве Бельска Падляшскага ў 10.00 прагучыць святочная візантыйская Літургія, а 25 мая ў 20.00 – служба аб трох отраках у печы Вавілонскай. Набажэнствы адбудуцца з удзелам калектыва “Schola Węgajty”, хору Майсея Петровіча з Белграда і музыколага, спецыяліста па візантыйскім спеве Марціна Абійскага з Беластока.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі