Дні сучаснага мастацтва ў Беластоку
Канцэрты, выставы, майстар-класы, але перадусім шматлікія спектаклі самых вядомых тэатраў з Польшчы і Еўропы. У Беластоку працягваюцца 33-я Дні сучаснага мастацтва.
Сярод запрошаных таксама артысты з Беларусі. З вулічным спектаклем пад загалоўкам “Тэатральная будка” выступіць тэатр “Картонка”. Акцёры падрыхтавалі спектакль для дзяцей накшталт беларускай батлейкі. Расказвае менеджар тэатра “Картонка” Марына Дашук:
– “Тэатральная будка” – гэта не толькі вулічны спектакль, ён можа быць паказаны ў любым месцы. “Тэатральная будка” займае два на паўтара метра. І працуе па прынцыпе фотабудкі: уваходзіш, сядаеш, кідаеш манетку і глядзіш спектакль.
Тэатральная імпрэза тэатра „Картонка” пачынаецца ў 16 і працягнецца да 19 гадзін. Паглядзець спектакль можна будзе таксама ў суботу з 14 да 17 гадзін. У суботу таксама ў кіно „Форум” акцёры Беларускага дзяржаўнага лялечнага тэатра пакажуць спектакль пад загалоўкам “Пансіянат „Бельведэр”. Спектакль расказвае пра жыхараў дома для сеньёраў, у жыцці якіх пачынаюць здарацца розныя нечаканыя сітуацыі. Пачатак у 17 гадзін.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток