ДНР і ЛНР назвалі Крым і Севастопаль часткай Украіны
У прапановах самаабвешчаных Данецкай і Луганскай „народных рэспублік”, апублікаваных у аўторак, 9 чэрвеня, Крым і Севастопаль названыя складовымі часткамі Украіны.
Тэксты дакументаў можна паглядзець на сайтах „Данецкага агенцтва Навін” і Луганскага інфармацыйнага цэнтра.
„Сістэму адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Украіны складаюць: Аўтаномная Рэспубліка Крым, асобныя раёны з асаблівым статусам Данецкай і Луганскай абласцей, вобласці, раёны, гарады, раёны ў гарадах, пасёлкі і сёлы”, – сказана ў тэксце прапаноў.
У апублікаваных прапановах гаворка ідзе пра статус самаабвешчаных рэспублік. У ДНР і ЛНР іх прапануюць пакінуць у складзе Украіны, аднак з досыць вялікай аўтаноміяй.
Канстытуцыйная рэформа ва Украіне з’яўляецца адной з частак менскіх пагадненняў. Паводле яе асобным раёнам Данбаса гарантуецца асаблівы статус у складзе Украіны.
Крым быў уключаны ў склад Расеі ў сакавіку мінулага года ў выніку рэферэндуму. За далучэнне да РФ прагаласавалі больш за 90% жыхароў паўвострава. Ва Украіне і на Захадзе лічаць гэты рэферэндум несапраўдным.