ДНР і ЛНР супраць адмены асаблівага статуса Данбаса
„Адмена Кіевам закона аб асаблівым статусе Данбаса нанясе сур’ёзны ўрон менскаму мірнаму працэсу”, – гаворыцца ў сумеснай заяве ўрадавых прэс-службаў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.
„Прыняццё закона аб асаблівым статусе, а таксама закона аб амністыі ва ўзгодненых з ДНР і ЛНР рэдакцыях з’яўлялася абавязацельствам Кіева. Гэта зафіксавана ў менскім пратаколе ад 5 верасня. Зараз, пасля аднабаковага рашэння аб адмене гэтых законаў, менскі пратакол ад 5 верасня фактычна перакрэслены”, – гаворыцца ў заяве.
У ДНР і ЛНР лічаць, што рэдакцыя менскага пагаднення павінна быць перагледжана.
„ДНР і ЛНР не могуць дзейнічаць на падставе дакумента, з якога Парашэнка выключыў прынцыпова важныя пункты”, – заяўляюць прэс-службы. У заяве гаворыцца пра гатоўнасць працаваць над новай рэдакцыяй пратаколу. У бліжэйшыя дні ў ДНР і ЛНР збіраюцца назваць сваіх упаўнаважаных на новых менскіх перамовах.
Напярэдадні прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прапанаваў Савету нацыянальнай бяспекі і абароны, а таксама парламенту адмяніць закон аб асаблівасцях мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей.