Драмтэатр у Беластоку пакуль без новага дырэктара
Драмтэатр у Беластоку без новага дырэктара, затое будзе новы конкурс. Управа Падляшскага ваяводства анулявала конкурс на пасаду дырэктара драматычнага тэатра імя Венгеркі ў Беластоку, ў выніку якога быў абраны Пётр Пулторак. Маршалак Мацей Жыўна тлумачыў што было шмат заўвагаў і скаргаў адносна правядзення конкурса:
— Гэта было пытанне скаргаў іншых кандыдатаў, якія лічылі, што былі парушаны іх праўныя інтарэсы з-за працэдурных памылак. Гэта было звязана з непаважным стаўленнем да прэфэренцыйных патрабаванняў, якbя усё ж маюць вялікі ўплыў на функцыянаванне гэтай установы, а па-другое не быў прадугледжаны абавязак закліку за ліквідацыі адсутнасці прапановаў, а трэцяе — пытанне удзелу прадстаўнікоў прафсаюзаў звязаных з кандыдатам у праўленні гэтай арганізацыі.
Пётр Пулторак — актор тэатра Вэнгеркі, звязаны з партыяй «Права і Справядлівасць», і сябра управы прафсаюзаў – лічыць рашэнне ўправы Падляшскага ваяводства, якую складаюць палітыкі Польскай сялянскай партыі і Грамадзянскай платформы, палітычна матываванай:
— У мяне склалася ўражанне, што дыскрымінацыя прафсаюзаў у конкурсе можа таксама супярэчыць закону пра прафсаюзную дзейнасць. Я пракаментую цытуючы выраз з Фэйсбуку пасла Рудніцкага, што тыя, хто найграмчэй крычыць пра дэмакратыю, самі не шануюць свабоднага і дэмакратычнага выбару конкурснай камісіі.
Маршалак Мацей Жыўна адмовіўся ад старшынства ў конкурснай камісіі. Прыём заяваў пачнецца 1 жніўня і працягнецца да 30 верасня. Будуць захаваныя ранейшыя патрабаванні да кандыдатаў, адзіная змена ў тым, што члены конкурснай камісіі будуць мець абавязак балавай ацэнкі ўсіх крытэрыяў.
Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток