Дрэўца-помнік да 100-годдзя бежанства
У цэнтры Беластока пасадзілі дрэўца ў памяць бежанцаў. З ініцыятывы дэпутата ў Польскі Сойм Аляксандра Сасны невялікі каштан знайшоў сваё месца ў парку пры саборы святога Мікалая.
Дрэўца асвяціў настаяцель кафедральнага прыхода айцец Ян Федарчук.
– Гэтае дрэва мы асвяцілі, каб яно расло, жыло і стала жывым сведкам тых, хто вярнуўся і не змог вярнуцца на Радзіму, каб мы пра іх заўжды помнілі.
Як дадае дэпутат Аляксандр Сасна, дрэўца падарылі працаўнікі лясной кампаніі Lasy Państwowe.
Сёлета мінае 100 гадавіна масавага бежанства жыхароў Падляшша. Каля двухсот тысяч беларусаў уцякаючы перад нямецкім фронтам апынілася ў глыбіні царскай Расеі. Многія ніколі не вярнуліся.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтара