Другая хваля каронавіруса: уся Польшча з суботы ў чырвонай зоне
Істотны рост колькасці захварэлых на Covid-19 прымушае польскія ўлады пайсці на чарговыя абмежаванні для грамадства, каб спыніць распаўсюд каронавіруса.
Прэм’ер міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі на адмысловай прэс-канферэнцыі адзначыў, што калі яшчэ роўна месяц таму колькасць захварэлых за суткі была каля тысячы, то зараз набліжаецца да 15 тысяч. Другая хваля Covid-19 ударыла па ўсіх суседзях Польшчы. І калі Чэхія прыбегла да так званага «лакдаўну», фактычна спыніўшы гаспадарчую дзейнасць, то ў Польшчы пакуль толькі ўведзены больш жорсткія ўмовы працы, паведаміў прэм’ер-міністр:
– Нас вельмі непакоіць тэмп прыросту. Мусім запавольваць прырост заражэнняў. Абмежаванні будуць мець свой эфект праз 10 – 14 дзён. Маю надзею, што тады мы зможам паведаміць лепшую інфармацыю ў параўнанні з гэтай.
Матэвуш Маравецкі паведаміў, што ўся Польшча будзе знаходзіцца зараз у чырвонай зоне. Школьнікі 4-8 класаў пераходзяць на дыстанцыйнае навучанне, дзеці ва ўзросце да 16 гадоў асноўную частку дня з 8 да 16 гадзін не могуць пакідаць свае месцы жыхарства. Бары і рэстараны зачыняюцца, а новыя правілы ўступаюць у сілу ўжо заўтра.
– Чарговыя абмежаванні датычаць гастранамічнай дзейнасці. Абмяжоўваецца дзейнасць рэстаранаў, пабаў, кавярняў, усіх такога тыпу фірмаў, яны не змогуць праводзіць сваю дзейнасць так як раней. Будзем вымушаны арганізоўваць ежу на вынас. Гэта запланавана на два тыдні, але з магчымасцю падаўжэння, калі ў канцы другога тыдня не заўважым зменаў у колькасці заражэнняў або, што найгорш, калі гэта лічба будзе ўвесь час расці.
Таксама прэм’ер-міністр абвясціў пра забарону сустрэчаў і мерапрыемстваў у групах больш за пяць чалавек. Выключэнне складаюць тыя, хто жыве разам і хто сустракаецца ў працоўных мэтах.
Маравецкі папрасіў старэйшых за 70 гадоў людзей не выходзіць з дому па магчымасці, бо менавіта гэтая катэгорыя людзей складае 70 працэнтаў ад усіх ахвяраў каронавіруса. Прэм’ер таксама заклікаў прытрымлівацца асноўных прынцыпаў дэзінфекцыі: насіць маскі, праветрываць памяшканні. Дапамагчы са спыненнем распаўсюду каронавіруса можа таксама адмысловае прыкладанне для тэлефона – «Stop Covid”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Fot. Maciek Jaźwiecki / Agencja Gazeta