Другі дзень ад пачатку перамір’я не сціхаюць баі на Данбасе



Паводле інфармацыі штабу антытэрарыстычнай аперацыі, за апошнія суткі на ўсходзе Украіны загінула пяць вайскоўцаў. Сёння таксама быў абстраляны шпіталь у мястэчку Шчасце на Луганшчыне. Нягледзячы на баявыя дзеянні, казаць пра зрыў перамір’я яшчэ рана, – мяркуе беларускі палітычны эксперт Уладзімір Мацкевіч.

– Ёсць пэўныя правакацыі і праявы сілавых дзеянняў, якіх варта было чакаць, але ж пакуль стрыманасць і паслядоўнасць украінскага боку не пакідае надзеі на тое, што так ці інакш перамір’е спрацуе.

Дамова пра перамір’е была дасягнутая на менскай сустрэчы 12 лютага. Бакі павінны былі спыніць агонь апоўначы на 15 лютага.

Аднак праз 30 хвілін ад пачатку пермір’я абстрэлы ў раёне Дэбальцава аднавіліся. Прадстаўнікі прарасейскіх баевікоў заявілі, што перамір’е не датычыць баёў пад Дэбальцава, бо гэта ўнутраная тэрыторыя, якую нібыта кантралююць сілы так званага ДНР.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя