Другі дзень фестывалю абуджаных Tutaka (абноўлена)



Другі дзень фестывалю “Тутака” атрымаўся вельмі насычаным. Удзень наведвальнікаў чакалі дыскусіі, майстар-класы, акцыі, гульні. Увечары адбыўся вялікі канцэрт пры ўдзеле гуртоў “Дай Дарогу”, “Dlina Volny”, “Nochy” і “Botanic Project”. Працягае наша карэспандэнтка Марына Савіцкая:
– Падтрымліваюць фэст “Тутака” не толькі культурныя дзеячы, але ж і палітычныя. Сярод тых, хто завітаў на падзею, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі:

–  Я насамрэч ужо трэці раз. З самага пачатку фестывалю я разам з вамі. Я лічу гэта вельмі важнай падзеяй для развіцця беларускай ідэнтычнасці. Асабліва ў тым вельмі складаным часе, калі складана развіваць беларускую культуру, ідэнтычнасць у самой Беларусі. Тут такая магчымасць створаная, у Беластоку, у Падляшшы, дзе не толькі шмат беларусаў, якія з’ехалі і былі вымушаныя з’ехаць, але і, канешне, таксама на гэтай зямлі шмат беларусаў беларускай меншасці ў Польшчы. І яшчэ ёсць адзін вельмі важны фактар – гэта такі мост між культурамі, між палякамі, між беларусамі, паколькі мы – суседзі і, канешне, мы думаем, што мы шмат ведаем адзін пра аднаго, а насамрэч трэба шмат чаго даведацца. Вельмі важная падзея.

Арганізатары зазначаюць, што ў наступным годзе фэст “Тутака” таксама плануецца.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя

Урэшце зайграў гурт “Дай дарогу” — музыкаў чакалі ўсе дні фестывалю абуджаных “Тутака”.

Другі дзень фестывалю абуджаных “Тутака” спакваля ідзе да завяршэння. Падчас урачыстага адкрыцця канцэрту да наведнікаў звярнуліся Святлана Ціханоўская і Павел Латушка. Зараз увага гасцей скіравана на сцэну — зусім хутка адбудзецца выступленне гурта “Дай дарогу”.

На фэсце “Тутака” прадстаўленая і гістарычная тэматыка. Адкрытую лекцыю “Калі сонца было богам…” прапануе клуб “Beer & History”.

Падрабязней пра падзею распавядае арганізатар аб’яднання Дар’я Палынская:

Мікра-дэманстрацыя нашага клубнага фармату. Мы арганізуем у Беластоку гістарычны клуб “Beer & History”. Наша галоўная ідэя – гэта лекцыі па гісторыі, нефармальныя, адкрытыя і ў суправаджэнні піва. Неабавязкова піва, безалкагольная гарбата, але разам з тым, каб расказваць людзям пра гісторыю проста, даступна і ў такой нармальнай атмасферы. Тут на адной з прастораў прачытаем такую кароценькую лекцыю “Як сонца было Богам”, а дакладней пра салярны культ у Сусветнай гісторыі і традыцыйнай гісторыі Беларусі.

Сустрэчы, прысвечаныя гісторыі, клуб “Beer & History” традыцыйна ладзіць у Беластоку. Як зазначае Дар’я Палынская, з цягам часу цікаваць да такіх падзей становіцца ўсё большай.

***

Урачыстае адкрыццё канцэртнай праграмы распачалося з відэазварота старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Канцэрт пройдзе з удзелам NOCHY, BOTANIC PROJECT, DLINA VOLNY, DAJ DAROHU. Усю ноч можна будзе танчыць пад музыку PAPA BO SELEKTAH.

***

У наведвальнікаў фестывалю з’явілася магчымасць убачыць прэм’еру кароткаметражнага гульнявога фільма “Бусел” ад “Bulbamovie”

***

Другі дзень фестывалю абуджаных Tutaka у самым разгары. Зараз увага гасцей накіравана на майстар-класы і спартыўныя гульні. Выдатнае надвор’е толькі спрыяе настрою ўдзельнікаў свята.

У праграме мерапрыемстваў фестывалю «Тутака» таксама запланавана прэзентацыя кнігі Аляксандра Чарнухі «Свінні», якая была перакладзеная на беларускую мову:

 – Сёння адбудзецца прэзентацыя беларускага перакладу “Свінні” ў перакладзе Алеся Плоткі. На жаль, ён сам не прыехаў, але буду я, аўтар, і буду прэзентаваць сваю кнігу. Я натуральна дазволіў чалавеку тварыць. Гэта поўнасцю пераклад Алеся. Таму што мне было важна, каб гэты пераклад зрабіў іншы чалавек, які б не проста механічна пераклаў тэкст, а які б зрабіў свой на падставе майго. І гэта чалавек, якому я давяраю. Таму менавіта ў нас з Алесем такі творчы дуэт адбыўся. Мой арыгінал і яго пераклад – гэта паўнавартасная праца Алеся.

Аляксандр Чарнуха падкрэсліў, што прэзентацыі кніг падчас фестывалю «Тутака» — выдатная нагода прывабіць чытачоў і пазнаёміць іх з літаратурнымі навінкамі.

***

На фестывалі абуджаных Tutaka малады мастак Яраслаў Кірвель прапаноўвае стыкеры, паштоўкі і партрэты ўласнага вырабу. Больш за ўсё Яраславу падабаецца маляваць беларускіх класікаў — Янку Купалу, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча.

– Я прапаноўваю сваю прадукцыю. Гэта стыкеры майго ўласнага праектавання: Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, Янка Купала ў сілуэце Беларусі з цытатай свайго верша “Хто ты гэткі? Свой, тутэйшы”.

Я з’яўляюся маладым мастаком, вучуся ў Варшаўскай акадэміі мастацтваў. У вузкіх колах ужо вядомы, як чалавек, які намаляваў усіх беларусаў, з натуры між іншым. У іх склад уваходзяць такія людзі, як Зянон Пазняк, Святлана Ціханоўская, Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў ды іншыя.

Набыць стыкеры з тварамі любімых пісьменнікаў можна ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве.

***

Акцёр Аляксандр Ждановіч (ён жа – Маляваныч) зладзіў на фэсце “Тутака” беларускую батлейку. Акрамя таго, у другі дзень імпрэзы творца правёў гульні з дзецьмі.

У чым каштоўнасць падзеі для яго, распавёў Аляксандр Ждановіч:

– Тут шмат цудоўных людзей. Я пабачыўся з тымі людзьмі, якіх я ведаў анлайн, а зараз афлайн: Ілля Міронаў ды іншыя. Шмат сяброў, таму тут такая цудоўная атмасфера. Расказваў пра батлейку, дарэчы, так дзіўна. І мая гісторыя дзіўная, бо я не батлейшчык і не лялечнік. Па адукацыі я драматычны акцёр, але мая жонка была актрысай тэатра лялек, была захопленая вось гэтым чароўным мастацтвам батлейкі. І мы ладзілі разам фестываль батлеечных лялечных тэатраў “Нябёсы”.

“Батлейка – гэта не толькі пра нешта старажытнае і акамянелае, але і пра сучаснае”, – перакананы Аляксандр Ждановіч.

Беларускае Радыё Рацыя