Другі дзень запар літоўскія памежнікі не затрымліваюць нелегалаў з Беларусі
Другі дзень запар літоўскія памежнікі не затрымліваюць нелегалаў на мяжы з Беларуссю, вынікае з дадзеных Дэпартамента статыстыкі краіны.
Апошні тыдзень колькасць затрыманых нелегальных мігрантаў няўхільна скарачалася: з рэкордных 294 — 1 жніўня, да 214 — 2-га, 36 — 3-га, 19 — 4-га і двух — 5 жніўня. 6-га і 7-га затрыманых не было.
Цяпер літоўскі бок імкнецца не прымаць, а адразу вяртаць нелегалаў на сумежную тэрыторыю, бо лічыць рост міграцыйных патокаў „гібрыднай вайной” уладаў Беларусі супраць Літвы і Еўразвяза ў цэлым.
6 жніўня ў парламенце кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайце паведаміла журналістам, што з пачатку тыдня, калі было прынятае рашэнне вяртаць выяўленых на мяжы мігрантаў назад на тэрыторыю Беларусі, у краіну не ўпусцілі 700 чалавек.
Усяго з пачатку 2021 года літоўскія памежнікі затрымалі 4.112 нелегалаў, якія прыбылі з тэрыторыі Беларусі, — у 50,8 разу больш, чым за ўвесь 2020-ты (81 чалавек).
Фота: delfi.lt