Другія суткі запар літоўскія памежнікі затрымліваюць больш за 100 нелегалаў



За мінулыя суткі, 16 ліпеня, у Літве затрыманы 121 нелегальны мігрант, які прыйшоў з боку Беларусі, паведаміла літоўская дзяржпагранслужба.

Другія суткі запар памежнікі затрымліваюць больш за 100 нелегальных мігрантаў, напярэдадні іх было 107, днём раней — 57.

106 са 121 затрыманага назваліся грамадзянамі Ірака.

Агульная колькасць нелегалаў, перахопленых з пачатку года літоўскімі ўладамі на ўчастку мяжы з Беларуссю, дасягнула 2.023, што ў 25 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. Больш за ўсё затрыманых з Ірака (1.045), Конга (179), Камеруна (121), Гвінеі (78), Ірана (74).

У студзені 2021 года на мяжы з Беларуссю затрымалі 20 чалавек, у лютым — 13, сакавіку — 8, красавіку — 70, маі — 77, чэрвені — 473, з пачатку ліпеня — 1.362.

З-за рэзкага павелічэння колькасці нелегалаў урад Літвы 2 ліпеня аб’явіў надзвычайнае становішча на нацыянальным узроўні. Кіраўніцтва краіны неаднаразова наўпрост абвінавачвала беларускія ўлады ў садзейнічанні росту нелегальнай міграцыі.

Да аховы мяжы прыцягнулі сілы іншых літоўскіх ведамстваў, армію, дапамогу аказваюць прадстаўнікі Еўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы (Frontex) і памежнікі Эстоніі.

9 ліпеня Літва пачала будаваць на мяжы загароду з калючага дроту. Паралельна будуецца плот.

belapan.by