Два кандыдаты на пасаду войта Бельска
Толькі два кандыдаты будуць змагацца за пасаду войта гміны Бельск Падляшскі. Гэта войт Раіса Раецкая, якая цяпер стартуе ад „Нашага Падляшша”, і Міраслаў Якубюк ад кааліцыі левых сіл.
Гміна Бельск – адна з тых, дзе заканадаўства дазваляе ўвесці двухмоўныя польска-беларускія шыльды з назвамі мясцовасцяў.
Раіса Раецкая на пасадзе войта ўжо восем гадоў, але пакуль не адважылася на такі крок:
– Рашэнне прымаюць выключна жыхары гміны. Сама я такога рашэння не магу прыняць. Гэтую справу мы разглядалі на Радзе гміны, таксама пераказвалі інфармацыю да нашых жыхароў, каб яны выказвалі свае думкі. І гэтыя думкі былі розныя, але ў цэлым усе былі пра тое, каб пакінуць гэтыя назвы ў тым выглядзе, які ёсць. Калі будзе якая-небудзь ініцыятыва, то мы, вядома, зноў звернемся да жыхароў, каб яны выказалі свае думкі ў той справе.
Кандыдат на войта гміны Бельск Міраслаў Якубюк лічыць, што двухмоўныя назвы дапамогуць у прамоцыі рэгіёна:
– Мы жывём у складзе Еўразвяза. Гэта нікому не перашкаджае. З іншага боку, гэта сведчыць пра тое, што тут ёсць беларусы, і трэба браць гэта пад увагу. Зрабіць такія шыльды не каштуе невядома колькі, тым больш фінансуе дзяржава, а не гміна. Гміна нічога не губляе.
Гміна Бельск Падляшскі – адна з найбольшых паводле тэрыторыі і насельніцтва ў Падляшскім ваяводстве. У гміне, паводле перапісу 2011 года, пражывае больш за 40 працэнтаў беларусаў.
Выбары ў органы мясцовага самакіравання ў Польшчы пройдуць 16-га лістапада.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота express-miejski.pl