Двухмоўных шыльдаў у Чыжах пакуль няма
Пытанне двухмоўных шыльдаў у гміне Чыжы застаецца адкрытым. Гэта вынікае з таго што ў найбольш беларускай, па колькасці насельніцтва, сельскай гміне Польшчы дарожныя знакі на ўездзе ў населены пункт выключна польскамоўныя.
Сітуацыю пракаментаваў дырэктар Гміннага асяродку культуры ў Чыжах Юры Якімюк:
– Мы ўжо правялі такія сходы, яны адбыліся некалькі год таму. І прысутныя па-рознаму да гэтага ставіліся, але большасць была – за. То бок гэтая тэма яшчэ не скончаная, і яна – у кампетэнцыі Рады гміны і офіса войта. Але такая прапанова ўжо было зроблена.
Раней, войт гміны Юры Васілюк зазначаў што: «Гміна Чыжы не гаворыць дошкам з двухмоўнымі надпісамі – «не». «Але ўсё ж мы імкнемся перадусім заняцца іншай сферай праблемаў, якія хвалююць жыхароў гміны. Напрыклад, паляпшэнне стану дарог нашага раёна», – падсумоўваў ён тады. Закон аб нацыянальных і этнічных меншасцях, дазваляе двухмоўныя назвы мясцовасцяў, у якіх жыве каля 20% прадстаўнікоў нацыянальнай ці этнічнай меншасці. Некаторыя з населеных пунктаў скарысталіся гэтай магчымасцю.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Чыжы