Дыпламаты з 26-ці краінаў наведалі Падляшша
Яны наведаюць Белавежскую пушчу, музей іконаў у Супраслі, але таксама беластоцкія і бельскія прадпрыемствы. Дыпламаты з 26-ці краінаў свету прыехалі з візітам на Падляшша. Такія экскурсіі амбасадараў і консулаў адбываюцца штогод у розных рэгіёнах Польшчы. Гэта можа дапамагчы ў рэкламе Падляшскага ваяводства, кажа генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Аляксандр Берабеня:
– Трэба каб Падляшскае ваяводства больш ведалі ў свеце. Што ёсць Беласточчына? Якія ёсць турыстычныя нагоды тут? Якія людзі працуюць на усходзе Польшчы? Гэта можа стацца штуршком, каб інвестыцыі пайшлі ў Падляшскае ваяводства.
На Падляшша з’ехаліся, між іншым, амбасадары Галандыі, Швецыі, Харватыі, Мексікі, Калумбіі, Іраку, Конга, Ізраіля ды Рэспублікі Паўднёвай Афрыкі. Дыпламаты да нядзелі наведаюць таксама беластоцкі бровар, фабрыку дыванаў і некаторыя цэрквы, касцёлы і мячэты.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя