Дырэктар беларускага ліцэя ў Гайнаўцы стартуе ў польскі Сенат



Сябра Сойміка Падляшскага ваяводства і дырэктар беларускага ліцэя ў Гайнаўцы Ігар Лукашук стартуе ў польскі Сенат.

Лукашук вырашыў стартаваць пры падтрымцы камітэта Грамадзянскай кааліцыі. Паводле перадвыбарчых дамоваў, ён будзе адзіным кандыдатам ад цэлай апазіцыі і будзе сапернічаць з сябрам партыі „Закон і Справядлівасць” Яцкам Багуцкім на поўдні Падляшша. Справы беларускай меншасці, развіццё інфраструктуры і турыстычнага патэнцыялу паўднёвай і ўсходняй часткі ваяводства – гэта галоўныя заданні, якія ставіць перад сабою Ігар Лукашук.

– Я, як рэпрэзентант беларускага асяроддзя, але таксама і польскага асяроддзя, шматкультурнага, шматнацыянальнага, шматрэлігійнага рэгіёну. Напэўна, пра гэта гаварыць вельмі многа буду, таму што мала ёсць такіх месцаў у Польшчы, дзе сутыкаюцца розныя нацыі. І свядомасць, што такія месцы ёсць, у грамадстве невялікая.

Ігар Лукашук быў у мінулым тэрміне старшынёю гарадской рады Бельска Падляшскага. Апошнія гады кіраваў таксама Цэнтрам адукацыі і прамоцыі беларускай культуры ў Шчытах-Дзенцялове. У мінулагодніх выбарах у соймік Лукашук атрымаў 7300 галасоў і стаў ваяводскім радным. Выбары ў польскі парламент адбудуцца 13 кастрычніка.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток