Дырэктар гайнаўскага белліцэя перамог у мясцовых выбарах



Дырэктар гайнаўскага ліцэя з беларускай мовай навучання Ігар Лукашук здабыў перамогу ў выбарах да Сейміка Падляшскага ваяводства, атрымаўшы 7 184 галасоў выбаршчыкаў.

– Па-першае, вялікі дзякуй! Для мяне гэта вялікі гонар, што столькі людзей паказала сваё стаўленне да маёй кандыдатуры і тых вартасцяў, якія цэнныя для асяроддзя, прадстаўніком якога я з’яўляюся. Гэта поспех усіх тых, што пашлі на выбары, аддалі свой голас, у гэтай выбарчай кампаніі спрыялі і дапамагалі. Такія поспехі не дасягаюцца самастойна, а толькі намаганнямі вялікай колькасці людзей.

Іншы кандыдат, які таксама прадстаўляе інтарэсы беларускай меншасці на Падляшшы, шматгадовы райца Беластока Славамір Назарук атрымаў 9 641 галасоў. Абодва кандыдаты стартавалі са спісу Грамадзянскай кааліцыі. Ігар Лукашук – з падтрымкай бельскай кааліцыі, Славамір Назарук – Форуму меншасці Падляшша. Яшчэ адзін мандат у Сеймік Падляшша атрымаў Мікола Яноўскі, які быў кандыдатам Польскай сялянскай партыі.

У выбарах да Сейміка Падляшскага ваяводства перамагло “Права і справядлівасць”, набраўшы 16 мандатаў. 9 мандатаў атрымала Грамадзянская кааліцыя і 5 мандатаў – кандыдаты Польскай сялянскай партыі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя