Дыскрымінацыя ўкраінцаў у Расеі
У Расейскай Федэрацыі сістэматычна дыскрымінуюць грамадзян Украіны. Пра гэта афіцыйна заявілі ў Міністэрстве замежных спраў Украіны.
З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Нагодай для такой заявы стала рашэнне гарадскога суда горада Есентукі працягнуць тэрмін утрымання пад вартай украінца Станіслава Кліха. Гэты кіеўскі журналіст месяц таму выправіўся ў горад Арол да цяжарнай нявесты, дзе быў арыштаваны без усялякіх абвінавачванняў і перавезены ў Пяцігорскую турму.
Да арыштаванага журналіста дагэтуль не дапусцілі ні ўкраінскага консула, ні нават адвакатаў. “Беспадстаўнае судовае рашэнне стала чарговым пацверджаннем таго, што Расейскай Федэрацыя адмаўляецца выконваць менскія пагадненні пра вызваленне закладнікаў”, – падкрэсліваецца ў заяве ўкраінскага МЗС.
Паводле афіцыйнага Кіева, усяго ў расейскіх вязніцах утрымліваецца каля 30 грамадзянаў Украіны.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ria56.ru