Дыяспара беларусаў Беластоку адзначыла Дзень беларускай спартовай салідарнасці



Дыяспара беларусаў Беластоку адзначыла Дзень беларускай спартова салідарнасці, зладзіўшы спартовыя актыўнасці на возеры ў Дайлідах.

Спачатку кожны ахвотны змог паўдзельнічаць у марафоне жыму гіры за кожнага з 1639 палітвязняў, якія церпяць зараз у Беларусі ў зняволенні. А пасля самыя смелыя акунуліся ў возеры на знак салідарнасці з нацыянальнымі сцягамі. А самыя маленькія аматары футболу паганялі мяч з беларускім футбалістам Дзмітрыем Байдуком, падпісантам ліста свабодных спартоўцаў. Гаворыць адзін з арганізатараў Дня спартовай салідарнасці ў Беластоку – Аляксандр Каваленка.

– Калі ў мінулым годзе заканчвалі сезон мы дамовіліся, што калі ўсе будзем жывыя і здаровыя, то будзем працягваць гэта. Прычын некалькі: па-першае гэта падабаецца, па-другое – гэта здароўе, па-трэцяе, як я ўжо казаў, гэта сустрэчы, якіх не хапае. Гэта размовы, сяброўства і гэтак далей. Беларускія спартоўцы абвесцілі дзень спартовай салідарнасці, і мы вырашылі гэта сумясціць: дзень спартовай салідарнасці і аднаўленне маржавальнага сезону. Сцяг грэе, калі заходзіш без сцяга – халодна, са сцягам – цёпла.

Дзень беларускай спартовай салідарнасці быў заснаваны Беларускім Фондам свабодных спартсменаў на знак салідарнасці з арыштаванай беларускай баскетбалісткай Аленай Леўчанка, якая адкрыта выказвалася супраць гвалту і за новыя выбары і правяла за гэта 15 сутак на Акрэсціна.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя