Дзе шукаць „Беларускія сляды ў Беластоку”?



Неўзабаве кожны ахвотны зможа знайсці „Беларускія сляды ў Беластоку”. Беластоцкія беларусы ствараюць адмысловую мапу на некалькіх мовах.

Заўсёды вельмі прыемна прадстаўляць гасцей нашай студыі, а сёння яшчэ больш, бо акрамя ўсяго іншага – гэта наш рэдакцыйны калега, журналіст, гарадскі актывіст Лукаш Леанюк, які з’яўляецца аўтарам праекта „Беларускія сляды ў Беластоку”. Заяўляецца, што галоўная мэта праекта паказаць цікавыя месцы ў сталіцы Падляшша, якія звязаныя з яго гісторыяй, а менавіта паказаць цікавосткі, звязаныя менавіта з беларускасцю. 

Лукаш Леанюк: Менавіта беларускую гісторыю хочацца паказаць мясцовым жыхарам, а таксама турыстам, якія прыязджаюць да нас. Мы хочам паказаць месцы, якія ў Беластоку звязаныя з беларускай гісторыяй і культурай. Праект прадугледжвае стварэнне мапы гэтых месцаў, дзе гэтыя кропкі будуць пазначаныя ў выглядзе будынкаў. Мы хочам, каб наш мастак-графік намаляваў іх у выглядзе будынкаў. Некаторыя будынкі ўжо не існуюць, таму будзем старацца неяк рэканструяваць іх выгляд. Гэта першая мэта. Другой мэтай з’яўляюцца адмысловыя шпацыры па Беластоку. Першы шпацыр адбудзецца на пачатку праекта, калі мы проста наведаем гэтыя месцы, у якім зможа ўзяць удзел кожны ахвотны. Другі шпацыр будзе завяршальным, тады ўсе жадаючыя змогуць атрымаць нашы мапы.

РР: Мапа мае быць на трох мовах. Якія гэта будуць мовы?

Лукаш Леанюк: Мапа мае быць на беларускай, польскай ды ангельскай мовах. Мы хочам паказаць турыстам з розных краін, што ў Беластоку шмат беларускіх месцаў. У гэтым годзе адзначаецца 100-годзе БНР, таму гэты праект прымеркаваны і да гэтай даты.

РР: Калі вы пісалі гэты праект, каго вы бачылі галоўным адрасатам? Хто будзе найбольш зацікаўлены ў атрыманні гэтай мапы?

Лукаш Леанюк: Перадусім мы думалі пра мясцовых жыхароў, бо беларуская гісторыя Беластока ім невядомая. З дапамогай гэтага праекта прасцей пазначыць беларускія месцы, у адрозненні ад усталявання памятных дошак, што надзвычай цяжка зрабіць. У выпадку з мапай на гэта спатрэбіцца менш высілкаў і сродкаў. Мапа застанецца, і памяць пра гэтыя месцы будзе жыць у памяці людзей. Таксама мы падумалі пра людзей, якія прыязджаюць за пакупкамі, але штораз больш людзей прыязджае, каб адпачыць.

РР: Падобны праект „Беларускі Беласток”, аўтарам якога з’яўляецца наш іншы рэдакцыйны калега Аляксей Трубкін, ужо існуе. Наколькі праекты пераклікаюцца?

Лукаш Леанюк: Так, такі праект ёсць у інтэрнэце. Многія мае сябры, калі я казаў пра гэты праект, з цікаўнасцю пыталіся ці ёсць польскамоўная версія. На жаль, па-польску чагосьці такога пакуль няма. Я ўжо размаўляў з Аляксеем Трубкіным, які зрабіў гэты праект, падрыхтаваў, сабраў гэтую інфармацыю пра беларускія месцы ў Беластоку. Мы будзем выкарыстоўваць інфармацыю, якую ён падрыхтаваў.

РР: Гэты праект не патрабуе шмат сродкаў, але ўсё ж такі яны патрэбныя.

Лукаш Леанюк: Так, трэба было атрымаць сродкі. Мы атрымалі іх на гэта дзякуючы Маршалкоўскай управе.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя