Дзень адкрытых дзвярэй у беларускім ліцэі ў Бельску
13 сакавіка ў Агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім праходзіць дзень адкрытых дзвярэй.
Чаму варта наведаць гэты ліцэй? Гаворым з дырэктарам школы Андрэем Сцепанюком.
Андрэй Сцепанюк: Зразумела, што мы заўсёды запрашаем усіх, хто хоча наведаць наш ліцэй. Але гэтым разам трэба зрабіць нешта сімвалічнае, бо зараз праходзіць набор у звышгімназіяльныя школы. Сёння мы запрасілі ўсіх гімназістаў з Бельска Падляшскага, а таксама з Ягуштова і Орлі, каб яны прыехалі ў наш ліцэй, паглядзелі, як ён выглядае, сустрэліся з настаўнікамі, нашай моладдзю і вырашылі паступіць да нас вучыцца далей.
РР: А як вы будзеце пераконваць маладых людзей і іх бацькоў, каб з ліку розных школ выбралі менавіта вашую?
Андрэй Сцепанюк: Бацькоў таксама будзем пераконваць. Сёння ў 17 гадзін запрашаем і іх. Яны могуць прыйсці разам з дзецьмі. А пераконваць будзем перадусім узроўнем навучання ў нашым ліцэі, бо наша школа найлепшая не толькі ў Бельскім павеце, але заўважаецца як у ваяводстве, так і ў краіне. Таму мы здольны дзяцей навучыць і добра падрыхтаваць да далейшай вучобы ў ВНУ.
Таксама мы хочам паказаць, што гэта свая школа: мы тут гаворым не толькі пра навучанне, але і розным чынам стараемся дапамагчы маладым людзям, якія да нас прыйдуць. І тут гаворка ідзе не толькі пра розныя гурткі паводле зацікаўленняў, але і пра тую дапамогу, што звязана з праблемамі, якія маладыя людзі маюць у сваім узросце.
Зразумела, для нас таксама вельмі важна, і мы гэта ўвесь час падкрэсліваем, – наша школа выхоўвае ў дзвюх традыцыях, культурах і мовах: польскай і беларускай. Таму гэта польска-беларуская школа. І я думаю, што гэта павінна зацікавіць маладых людзей. Некаторыя нашы вучні тут працягваюць вывучэнне беларускай мовы і культуры, а некаторыя толькі пачынаюць гэтае знаёмства. Я мяркую, што гэта і ёсць адным з аспектаў выбару нашага ліцэя. Тым больш што частка бацькоў нашых вучняў – гэта выпускнікі гэтага ж ліцэя, якія хочуць, каб і іх дзеці вучыліся ў нас. Маем такія прыклады.
[Not a valid template]
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Давіда Гайко