Дзень палітвязня ў Вільні



Беларусы сабраліся на Дзень палітвязня ў Вільні, каля пасольства Беларусі ў Літоўскай Рэспубліцы.

Акцыю наведалі і былыя палітычныя зняволеныя: сярод іх Вікторыя Лысковіч — асуджаная па “карагоднай справе” у Берасці на “хімію”, з якой яна збегла. У падтрымцы палітвязняў кожны можа зрабіць хоць штосьці, заўважыла Вікторыя:

-Напісаць ліст, перадаць перадачу, дапамагчы сям’і палітвязня, увесь час нагадваць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Пра тое, што ў нас ёсць палітвязні. Вайна ва Украіне –  гэта вельмі страшна. Але ў нас, у Беларусі, па сутнасці такая ж вайна. І трэба пра гэта памятаць, бо нашы беларусы за кратамі знаходзяцца дзеля нашай агульнай волі.

Сімвалам акцыі сталі жоўтыя біркі “экстрэміста”. Менавіта Вітольд Ашурак быў першым, хто распавёў у лістах на волю пра масавую пазнаку палітвязняў жоўтымі біркамі. Падобная практыка выкарыстоўвалася і ў канцлагерах падчас Другой сусветнай вайны, адзначыла прадстаўніца Праваабарончага цэнтра “Вясна” Дзіяна Пінчук:

-Наша Радзіма пераўтварылася ў краіну палітвязняў. А ўсе іншадумцы – у „схільных да экстрэмізму”. І праваабаронцы хочуць яшчэ раз нагадаць пра важнасць падтрымкі палітвязняў і патрабаваць ва ўладаў Беларусі вызвалення ўсіх палітвязняў.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” абвесціў 21 траўня Днём палітвязня. Менавіта ў гэты дзень год таму ў шклоўскай калоніі памёр палітычны зняволены Вітольд Ашурак.

Беларускае Радыё Рацыя