Дзень памяці кампазітара з Саколкі Яна Тарасевіча
18 чэрвеня спаўняецца 55 гадоў з дня смерці славутага кампазітара з Саколкі Яна Тарасевіча. З гэтай нагоды на праваслаўных могілках у яго родным гарадку была адслужана паніхіда, якую праводзіў айцец-мітрат Уладзімір Місеюк.
На супольнай малітве сабраліся: ініцыятарка памінальнай сустрэчы, аўтарка кніжкі „W stronę Tarasiewicza” Ганна Кандрацюк-Свярубская, беларусы з Бельска Падляшскага і Беластока, а таксама жыхары Саколкі.
– Добра што не забылі пра яго. Тут яго магіла, якая ёсць, такая ёсць. Можа трэба было, каб горад зрабіў тут нешто больш значнае. Але няма каму. Прыходжу часта і прыбіраю магілу, каб тут быў парадак. Важны быў чалавек, добры чалавек.
Айцец Уладзімір Місеюк: Маёнтак яго забраць – забралі, а вось толькі ледзь на мемарыяльную шыльду наскрэблі за гэтыя амаль 200 гектараў. Тут павінен стаяць помнік на пяць метраў вышыні.
– Ён лічыў сябе беларусам. Заўсёды гаварыў, што ён з гэтай зямлі, з Саколкі. Мне здаецца, што гэта адзін з набольш вядомых людзей, звязаных з нашым горадам. Замала пра яго гаворыцца. А гэта ж гонар нашага горада.
Ян Тарасевіч закончыў кансерваторыю ў Пецербургу. Пакінуў пасля сябе больш за сто песень і фартэпіянна-вакальных твораў. Ён выхаваў як мінімум чатырох прафесараў Варшаўскай акадэміі музыкі і самага вядомага сёння дырыжора ў Польшчы Ежы Максымюка. Кампазітар памёр 18 чэрвеня 1961 года ў Беластоку. Да самой смерці называў сябе беларускім кампазітарам.
[Not a valid template]
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі