Дзень выклятых жаўнераў (абноўлена)



У Польшчы адзначаецца Дзень выклятых жаўнераў антыкамуністычнага падполля пасляваеннага перыяду.

Адным з іх з’яўляецца капітан Рамуальд Райс “Буры” – адказны за забойства амаль 80-ці грамадзянаў беларускай нацыянальнасці ў студзені і лютым 1946 года. Па загаду Рамуальда Райса былі спалены беларускія вёскі Заляшаны, Волька Выганоўска, Зані, Шпакі ды іх жыхары. Аддзелам “Бурага” расстраляны  31 фурман з ваколіц Гайнаўкі.

Жыхары да сённяшняга дня памятаюць пра гэтыя здарэнні:

– Яго аддзел прыйшоў і сказаў, што яны мясцовая паліцыя. Шукалі фурманаў. Тыя як паехалі з імі, так і не вярнуліся.

– “Бурага” я б сам забіў. Як кажуць палякі, ён нікога не нішчыў і не мардаваў. А вунь колькі людзей забіта. А як прыехалі па фурманаў, забралі коней, вазы, а саміх фурманаў забілі і невядома, дзе пахавалі.

– Гэта памяць тым людзям, якія былі забітыя! Якая яшчэ “Бураму” памяць!?

Ідэя Дня выклятых жаўнераў паходзіць ад былога прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага. День выклятых жаўнераў быў прыняты амаль адзінагалосным рашэннем польскага Сойма  2 лютага 2012 года –  у 66-ыя ўгодкі забойства беларускіх фурманаў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

1 сакавіка ў Польшчы адзначаецца Дзень выклятых жаўнераў,  як паведамляе афіцыйная даведка тых, хто  пасля Другой сусветнай вайны змагаўся са зброяй у руках за незалежнасць Польшчы.

На Падляшшы памінальныя ўрачыстасці працягнуцца да 4 сакавіка. Запланаваны малітвы, пракаты фільмаў, даклады, інсцэнізацыі. Сярод тых, памяць каго ўшаноўваюць сёння, – Рамуальд Райс “Буры”.

Пракурор Інстытута нацыянальнай памяці ў Беластоку Дарыюш Альшэўскі адзначае, што адмена смяротнага прысуду Рамуальду Райсу ў 1995 годзе была памылкай:

–  Рамуальд Райс быў звінавачаны і прыгавораны да смерці за 31 злачынства. Сярод гэтых злачынстваў – забойствы фурманаў і жыхароў беларускіх вёсак Заляшаны, Шпакі, Заны. І я лічу, што хоць рашэнне пра адмену яго смяротнага пакарання і было законным, яно не было правільным. Ваенны раённы суд Варшавы мог бы не прызнаць віну Рамуальда Райса ў тым, што тычылася яго змагання за незалежнасць Польшчы. Але пакінуць у сіле адказнасць за дзеянні, якія ніякім чынам нельга лічыць змаганнем за незалежнасць Польшчы. Да апошніх дзеянняў можна аднесці якраз забойствы фурманаў і пацыфікацыю беларускіх вёсак.

Урачыстасці ў гонар выклятых жаўнераў пройдуць у Беластоку, Лапах, Супраслі, Саколцы і Сямятычах. Пашану выклятым жаўнерам аддадуць Інстытут нацыянальнай памяці  ў Беластоку разам з ветэранскімі аб’яднаннямі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток