Дзень роднай мовы ў Беластоку



Да святкавання традыцыйна далучыліся ў Праваслаўнай школе імя святых Кірыла і Мяфодзія, дзе вывучаюць беларускую мову. Тут не толькі прайшла дыктоўка, але як звычайна зладзілі сапраўднае беларускае свята: сёлета гралі сцэнкі, танчылі лявоніху ды спявалі.

А вось чаму школа гасцей на беларускае свята запрасіла менавіта на 24 лютага, патлумачыла настаўніца беларускай мовы Яанна Марко:

– У гэтым годзе мы пішам 24 лютага, хаця Дзень роднай мовы 21 лютага. Нас запрасілі ў Берасце, дзе праходзіў Фестываль беларускай культуры, і мы там выступалі. Так што я цешуся таксама, што цяпер нават у Берасці школа, якая калісьці не мела такой традыцыі святкавання Дня роднай мовы, цяпер таксама святкуе. Можа, не пішуць дыктоўкі, але нейкім іншым спосабам. Так што мы змаглі там таксама выступіць, распавесці пра наша свята, пра наш Дзень роднай мовы ў Беластоку. І таму трэба было перанесці дыктоўку на сёння.

Тры ўзроставыя групы пісалі розныя тэксты. Напрыклад, дарослыя госці пісалі тэкст пра незалежнасць, старэйшыя школьнікі пісалі пераклад на беларускую мову тэксту польскай Нобелеўскай лаўрэаткі Вольгі Такарчук, малодшыя школьнікі пісалі легенду пра назву горада Берасце, які сёлета адзначыў сваё 1000-годдзе і адкуль нядаўна вярнулася школьная дэлегацыя.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Лукаша Сцепанюка