Дзень Волі аб’яднаў усіх падляшскіх беларусаў



25 сакавіка ў Беластоку адбыўся цэлы шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Волі. Сярод галоўных – пікет каля Консульства Беларусі і на Рынку Касцюшкі.

Арганізатаркай пікета была Марына Ляшчэўская, прадстаўніца Фонду “Беларусь – 2020”. Марына распавяла, чым для яе з’яўляецца Дзень Волі і якія мерапрыемствы адбыліся ў Беластоку:

– Асабіста для мяне гэта такая надзея ў маім сэрцы. І я жыву з гэтай надзеяй. І сёння я пачула зноў-такі пад’ём радасны. Гэты дзень для нас вельмі важны. Мы яго праводзілі сумесна з беларускай меншасцю на Падляшшы. Мы аб’ядналіся разам – усе беларусы Падляшша. Шмат хто прыняў удзел. Прадстаўнікі розных беларускіх арганізацый. Мы зрабілі прыгожы кліп на песню “Гэта Мы”. Арганізавалі некалькі пікетаў. Таксама разам ускладалі кветкі да знакавых мясцін у Беластоку.

Дзень Волі быў вельмі насычаны: апрача пікетаў адбылася прэм’ера кліпа “Гэта Мы”, у якім прынялі ўдзел шматлікія беластоцкія арганізацыі і нацыянальная беларуская меншасць, анлайн-канцэрт. Гэты дзень стаў знакавым для ўсіх беларусаў Падляшша – як для эмігрантаў, так і для карэнных.

Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя