Дзень Волі ў Батумі
25 сакавіка ў грузінскім Батумі на беразе Чорнага мора адбылася вялікая акцыя да Дня Волі. Распачалася яна шэсцем па цэнтральнай вуліцы Абашыдзэ і завершылася на Плошчы Еўропы. На акцыі гучалі прамовы прадстаўнікоў беларускай дыяспары, прагучалі віншаванні з Днём Волі ад Зянона Пасняка, Святланы Ціханоўскай, Івонкі Сурвілы, ваяроў з Палка Каліноўскага.
Пра Дзень Волі кажа прадстаўнік дыяспары Аджарыі ў Каардынацыйнай радзе Раман Кісляк, які таксама выступаў на мітынгу:
–Дзень Волі для нас асаблівае свята. Гэта пачатак нашай беларускай дзяржаўнасці. Мы, беларусы, мусім вярнуць сваю дзяржаву, волю, незалежнасць і вярнуцца самі з турмаў, іміграцыі і з-пад страху. Спадзяюся, што хутка мы будзем святкаваць гэтую дату не толькі на чужыне, але ў родных гарадах: Менску, Берасці , Гародні!
Пра Дзень волі кажа прадстаўнік украінскай грамады ў Батумі Алексей Северыненко:
-Я лічу, што нашая барацьба супольная. Мы маем агульнага ворага і мы маем агульную мэту. Калісьці даўно ў мяне ўзнікла думка: а што было б, калі б гістарычна перамагла не Масковія, якую мы зараз ведаем як Расею, а Вялікае Княства Літоўскае? І мне здаецца, што неўзбаве мы гэта пабачым на ўласныя вочы!
Пасля мітынгу беларусы працягваюць адзначаць Дзень Волі ў Батумі і нефармальная частка гэтага адзначэння адбудзецца ў прасторы „аКсяродак”, дзе беларусаў чакае канцэрт рэпера Вожыка, Фёдара Жывалеўскага («Голая манашка») і гурта Dadoma, будзе вольная гітара і вольны мікрафон.
Беларускае Радыё Рацыя, Батумі