Дзень Волі ў Беластоку (абноўлена)
Беларусы Беласточчыны ўрачыста адзначылі Дзень Волі. Спачатку святкаванняў у Беластоку прагучаў аўдыёзапіс звароту Івонкі Сурвілы з нагоды 25 сакавіка скіраваны да беларусаў Беласточчыны.
Удзельнікі святкавання паглядзелі кароткі фільм Лукаша Стэпанюка пра мінулагодняе святкаванне 25-га сакавіка ў Беластоку. Прафесар Алег Латышонак распавёў пра падзеі 100-гадовай даўніны – дзейнасць беларускага ўраду ў Гародні і адраджэнне на Беласточчыне.
Прадстаўнік арганізацыйнага камітэту святкаванняў Яўген Вапа прыгадвае, што Дзень Волі беларусы Падляшша адзначаюць на працягу 30-ці гадоў. Свята застаецца важным як для старэйшага, так і для маладзейшага пакалення:
– Для нас важна тое, што беларусы Беласточчыны былі сярод тых, хто будаваў гэтую дзяржаву. Першы прэм’ер Язэп Варонка з Кузніцы Беластоцкай, які потым эміграваў у Амерыку, дзе таксама займаўся беларускімі справамі. Акт 25-га сакавіка дае менавіта тое эмацыйна-псіхалагічнае пачуццё, што мы не горшыя.
Паводле Ярасалава Іванюка, ініцыятара праекта “Наша памяць”, які мае на мэце ўшанаванне ахвяраў пацыфікацыі беларускіх вёсак узброеным польскім падполлем, рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы дапамозе шматлікіх асобаў:
– Я лічу, што гэта ўзнагарода ўсім тым, хто далучыўся да праекта „Наша памяць”. Гэта прафесар Алег Латышонак, Юры Каліна, Валянціна Лаеўская, Эва Мароз-Качыньска і шмат-шмат іншых. Я вельмі сардэчна дзякую за тое, што наша памяць пра гэтыя трагічныя падзеі 1946 года гуртуе беларусаў Беласточчыны.
Падчас урачыстай часткі адбылося ўручэнне бел-чырвона-белых букетаў тром асобам, якія паводле аргкамітэту найбольш адзначыліся за мінулы год на ніве беларушчыны. Букеты атрымалі Яраслаў Іванюк за акцыю „Наша памяць”, Ганна Фёнік за фальклёрную дзейнасць (у яе адсутнасць кветкі прыняў Тамаш Суліма) і Янка Карчэўскі, настаўнік беларускай мовы ў Гайнаўскім беларускім ліцэі за 20 гадоў правядзення конкурсу „Беларуская гавэнда”.
Акрамя лаўрэатаў адмысловым букетам быў адзначаны Віктар Швед, якому 23 сакавіка споўнілася 94 гады.
Галоўная частка мерапрыемства пачалася а 15-ай гадзіне ў клубе “Zmiana Klimatu”, дзе выступіць беларускі творца Андрэй Мельнікаў:
– 24-га сакавіка, у нядзелю, запрашаю, далучаюся да запрашэнняў у клуб “Zmiana Klimatu” на адзначэнне беларускага Дня Волі. Прыходзьце, сядайце, слухайце, дапамагайце.
Традыцыйна ўрачыстыя мерапрыемствы пачаліся з набажэнства, якое прайшло ў царкве святога Яна Тэолага, падчас якога маліліся за беларускі народ.
Жыхары Беластока сустрэліся ў царкве святога Яна Тэолага, каб адзначыць 101-ю гадавіну БНР. Гэта ўжо восьмы раз, калі беластачане такім чынам адзначаюць Дзень Волі. Святочную багаслужбу і малебен за беларускі народ правёў айцец Андрэй Кузьма:
– Святкаванне звязана з нашай культурай – духоўнай, а таксама свецкай. Гэта вывучэнне мовы, гісторыі, жыцця беларусаў на Падляшшы. Я думаю, што мы перш за ўсё глядзім на сябе, на наш падворак, на наша Падляшша, дзе жылі нашы дзяды.
Беларускае Радыё Рацыя