„Дзень Волі – гэта свята свабоды духу, барацьбы над дыктатурай” (абноўлена)



Мітынгі, аўтапрабег, ушанаванне памяці братоў Луцкевічаў і Кастуся Каліноўскага разам з іншымі паўстанцамі на могілках Росы. Спевамі гімна “Пагоня”, маляваннем бел-чырвона-белага сцяга на Лукішскай плошчы. Так беларусы ў Вільні адзначылі 105-ую гадавіну Беларускай Незалежнай Рэспублікі.

А пачалося ўсё з цырымоніі ўзняцця сцяга Беларусі – у гонар Дня Волі і міжнароднага Дня Салідарнасці з Беларуссю ля будынка Сейма:

– Я быў на ўздыманні каля Сейма. Для мяне Дзень Волі  – гэта свята свабоды, свабоды духу, барацьбы над дыктатурай. Людзі не павінны маўчаць, яны павінны  адстойваць свае правы і не паддавацца той дыктатуры, таму рэжыму, які на працягу 30 гадоў трымаецца ў Беларусі.

 Змаганне працягваецца. У 1991 годзе мы гэтую дзяржаўнасць аднавілі. У 1994 годзе зноў гэтыя працэсы пайшлі і цягнуцца амаль 30 гадоў, і мы зноў пад акупацыяй, як і тады, у васямнаццатым годзе. То-бок зараз мы павінны працягваць гэтую барацьбу.

На працягу ўсяго свята гучалі лозунгі не здавацца і працягваць барацьбу. А ля беларускай амбасады, дзе таксама прайшоў мітынг і завяршылася свята, беларусы разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг, запалілі знічы каля плота будынка ў памяць пра ахвяраў рэжыму і пусцілі папяровыя самалёцікі на тэрыторыю беларускай амбасады з воклічамі супраць дыктатуры і ўпэўненасцю ў перамозе дэмакратычных сілаў.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

***

Святкаванне Дня Волі ў Вільні пачалося з цырымоніі ўзняцця нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга Беларусі ля будынка літоўскага Сейма.

Пасля больш за 100 беларусаў рушылі на могілкі Росы, дзе наведалі магілы братоў Антона і Івана Луцкевічаў і капліцу, дзе пахаваныя беларускія паўстанцы 1863-1864 гадоў разам з Кастусём Каліноўскім.

На могілках Росы з вітальным словам выступіла і распавяла пра гісторыю Дня Волі і жыцця саміх братоў Луцкевічаў Валерыя Чарнаморцава:

– Дзень Волі – гэта дзень нашай волі да незалежнасці. Ужо 105 год мы яе абвесцілі, але за выключэннем трох год пачатку 90-х ці чатырох, у нас яе, на жаль, не было, але вось Дзень Волі менавіта як імкненне да свабоды, беларусы гэты дзень адзначаюць фактычна ад пачатку. Ужо і ў дзевятнаццатым годзе, і ў дваццаць першым знакамітае казанне ў Вільні было ў касцёле Баніфратаў. Беларусы ўвесь час адзначалі, і ў ГУЛАГу і дзе заўгодна.

Таксама іншыя беларусы Літвы выказаліся, чаму яны адзначаюць гэтае свята:

– Прыйшлі, таму што Дзень Волі і кожны год хадзілі ў Менску.

Прыйшлі сюды, бо тут святкуюць. Зараз жывем у Вільні, таму вырашылі, што патрэбна ісці. І між тым гэта 105 гадоў, гэта вельмі значная дата. Гэта той час, калі нашыя продкі і мы, іх нашчадкі, павінны ўзрадзіць нашу краіну. Як яны спрабавалі зрабіць яе, так і мы павінны зараз узрадзіць і спадзявацца на тое, што ў нас хопіць сіл і часу, каб яна зноў была незалежнай.

Далей адбыўся аўтапрабег з больш як 30 легкавых аўтамабіляў з бела-чырвона-белымі сцягамі ад могілак Росы да Лукішскай плошчы, на якой прайшоў мітынг.

Пасля яго ўсе ахвотныя паехалі ў Коўна на адкрыццё помніка Клаўдзію Дуж-Душэўскаму на Пятрашунскіх могілках. А частка беларусаў засталася далей святкаваць у сталіцы Літвы Дзень Волі.

Беларускае Радыё Рацыя