Дзень Волі ў Вроцлаве



25 сакавіка ў цэнтры польскага Вроцлава, на Плошчы Вольнасці, беларусы сабраліся, каб адзначыць Дзень Волі. Святкаваць дзень незалежнасці прыйшло каля поўтысячы чалавек, сярод якіх былі і беларусы, і ўкраінцы і палякі.

Прысутныя падзяліліся сваімі ўражаннямі:

-У гэты дзень была абвешчана БНР. Гэты дзень нам нагадвае, што ў нас ёсць свая краіна.

-Жыве Беларусь! Слава Украіне! Жыве Польшча!

-Сённяшні дзень – нагода сабрацца, пабачыць, колькі нас.

На Дзень Волі ў Вроцлаве прыйшлі не толькі беларусы, але і прадстаўнікі шматлікай украінскай дыяпары у гэтым горадзе. Яны выказалі салідарнасць з беларускім народам у змаганні з тыраніяй, але папярэдзілі, каб маці беларускіх жаўнераў не адпускалі сваіх сыноў на вайну з Украінай:

-Беларусы ў Менску выйшлі на плошчу падтрымаць нас. Таму мы не можам не падтрымаць іх тут. Мы ўсе за волю, за дэмакратыю. Мы хочам, каб Беларусь таксама была вольнай. І каб у нашай краіне быў мір. Спадзяёмся, што народ Беларусі не будзе баяцца і будзе пратэставаць супраць тырана, супраць фашызму, каб яны не ішлі ваяваць супраць нас.

У польскі Вроцлаў прыбывае ўсё больш жанчын з дзецьмі з Украіны. Яны бягуць ад вайны, якая знішчыла іх штодзённае жыццё.

Свята беларусы скончылі шэсцем на рынкавую плошчу, дзе ўзгадалі хвілінай маўчання загінулых ва Украіне, а таксама запрасілі на святочны канцэрт у гонар Дня Волі.

Беларускае Радыё Рацыя