Дзеткам, якія не трапілі ў беларускую групу, знайшлі месца



Усе дзеткі, бацькі якіх падавалі заявы ў беларускую групу, трапяць у яе. Прыгадаем, што ў дзіцячым садку №14 у Беластоку з польскай і беларускай мовамі навучання сёлета ахвоту аддаць дзетак у беларускую групу выказалі 24 бацькі, аднак месцаў у садку было толькі 11. Кіраўніцтва дзіцячай установы супольна з Дэпартаментам адукацыі гарадской управы знайшлі месца для гэтых дзетак у пачатковай школе №15 па вуліцы Ул.Бранеўскага.

Паводле дырэктаркі Люцыі Неміровіч, пры гэтым школа выконвае шэраг патрабаванняў для таго, каб прыняць малых дзяцей:

– Патрабаванні такія, якія былі і да пачатковай школы імя Святых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку, дзе раней мясцілася групка ад нашага дзіцячага садка.  Асобны ўваход, туалет, прыстасаваны для малых дзяцей, добрае вялікае памяшканне і сталовая, каб дзеці атрымлівалі добрае харчаванне. Усё астатняе мы забяспечваем самі. Аднак вядома, што ўсе бацькі, якія хацелі аддаць дзетак у беларускую групу, будуць прынятыя, і для іх будзе месца.

Сёння а 16-ай гадзіне ў пачатковай школе №15 у Беластоку пройдзе сустрэча для бацькоў, якія хочуць аддаць дзяцей у беларускую групу дзіцячага садка. Забеспячэнне неперарыўнай адукацыі на мове меншасці ёсць запісанае ў Стратэгію развіцця асветы беларускай нацыянальнай меншасці, прынятай год таму.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя