Дзмітрый Мамчур: Людзей цікавяць рынкі, а не гісторыя



Украінскі Чарнігаў асацыюецца ў гамяльчанаў пераважна з таннымі таварамі. На жаль, мала хто з нашых землякоў, прыязджаючы ў гэты памежны горад, цікавіцца яго гісторыяй, культурай, моўнымі адметнасцямі, а ўжо беларускімі мясцінамі Чарнігава – і пагатоў.

2015-09-28_achromienka_czarnihau_01

Чаму ў паўночных раёнах Чарнігаўскай вобласці і пагэтуль цэлыя вёскі размаўляюць амаль чысценькай беларускай мовай? Што трэба зрабіць, каб зацікавіць гамяльчанаў гістарычнай спадчынай Сівершчыны? Як могуць развівацца нашыя памежныя кантакты ў тым разе, калі Украіна ўступіць у Еўразвяз?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з чарнігаўскім краязнаўцам і літаратарам Дзмітрыем Мамчурам.

Дзмітрый Мамчур: Чарнігаў, з аднаго боку – даволі тыповы, а з іншага – даволі арыгінальны памежны горад, дзе людзі лёгка засвойваюць іншыя мовы, дзе ім прасцей кантактаваць і знаходзіць паразуменне.

РР: На Сівершчыне ўнікальная моўнай сітуацыя. Ёсць вёскі, дзе гавораць амаль чысценька беларускай мовай, ёсць вёскі ўкраінскамоўныя. А ёсць вёскі, з аднаго канца каторай гавораць беларускай, а з другога – украінскай…

Дзмітрый Мамчур: Чарнігаўшчына – гэта найперш “пераходныя гаворкі” ад беларускай да ўкраінскай. Людзі спакон вякоў гандлявалі, мігравалі… Тое ж самае цяпер можна назіраць паміж Гомелем і Чарнігавым.

РР: А якія яшчэ складнікі беларускага жыцця прысутныя цяпер на Сівершчыне, акрамя нашых гаворак і нашых землякоў на рынку?

Дзмітрый Мамчур: Калі гаварыць пра ўзаемныя ўплывы, то яны, безумоўна, ёсць. Але ж іх не так багата, як нам усім хочацца. Беларускія літаратары, беларускія музыкі, беларускія палітыкі з’яўляюцца тут зрэдку. Прытым палітыкаў – і тых, хто за Лукашэнку, і тых, хто супраць яго. Галоўны беларускі складнік – выключна тыя беларусы, якія прыяжджаюць па гандлёвых справах.

РР: Прыяжджаюць да Чарнігава нашы гамяльчане. Іх цікавяць выключна рынкі, але ніхто не цікавіцца багатай гісторыяй горада. Чаму так?

Дзмітрый Мамчур: На маю думку, па-першае, тут вельмі шчыльны графік. Трэба паспець закупіцца і ў той жа дзень з’ехаць дахаты. Па-другое, час цяпер такі, што людзі ці часу не маюць, ці грошай на самаразвіццё. Чалавек заходзіць у Сеціва, клікае на карцінку і пры гэтым упэўнены, што пры гэтым прасякаецца гісторыяй і культурай. Мяркую, што і ў Чарнігаве, і ў Гомелі сітуацыя абсалютна аднолькавая. Не так багата чарнігаўцаў цікавяцца і гомельскай гісторыяй. Вось і атрымліваецца, што лепш цікавіцца штанамі і памідорамі, чым гісторыяй роднага краю.

РР: Уявіце, што ў Гомелі, хаця б у адной з дзвюх турагенцый, якая возіць сюды гамяльчанаў, прапануюцца дадатковыя туры: “Чарнігаў гістарычны” і “Беларускія мясціны Чарнігава”. Той жа Францішак Багушэвіч, той жа Піліп Орлік, які ў аднолькавай ступені і беларускі герой, і ўкраінскі…

Дзмітрый Мамчур: Савецкія рэкламныя падыходы даўно не працуюць. Трэба распрацоўваць мэтавую аўдыторыю, нестандартны маркетынг… Як на маю думку, такое цалкам магчыма, калі ўзяцца з галавой. На гэтым можна было б і зарабляць грошы, калі прыдумаць якую прывабную форму… На такую справу не так багата трэба часу і грошай. Але гэта вымагае дзяржаўнай падтрымкі і з украінскага, і з беларускага бакоў.

РР: Але ж яшчэ напачатку дзевяностых у Чарнігаў прыяжджалі экскурсіі з Гомеля. Людзі аглядалі цэрквы, хадзілі ў музеі… І ўсё гэта выдатна працавала!

Дзмітрый Мамчур: Так, але ж тады пры запаведніку “Чарнігаў старадаўні” існавала сістэма падрыхтоўкі сваіх гідаў! Цяпер усё даводзіцца пачынаць з нуля. Мяркую, што з цягам часу ўсё неяк структуруецца…

РР: Уяўная сітуацыя: Украіна ўступіла ў НАТА, Украіна ўступіла ў Еўразвяз. А ў Беларусі пры гэтым застаўся той жа самы рэжым, што і цяпер. Мяжа на замку, уезд для беларусаў ва Ўкраіну закрыты. Нашыя памежныя кантакты памруць?

Дзмітрый Мамчур: Дык што – Вялікую кітайскую сцяну між намі і вамі трэба будаваць? Ці нейкі шкляны купал над Беларуссю? Статус-кво між намі, безумоўна, застанецца. У нас багата агульных каштоўнасцяў.

Экскурсійныя паездкі з Гомеля ў Чарнігаў перапыніліся яшчэ ў 90-х гадах. Цяпер гомельскія тураператары прапануюць толькі чарнігаўскія шопінг-туры.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя