Варшава папярэдзіла Менск аб магчымасці поўнага закрыцця руху праз мяжу



Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сустрэўся ў сераду са старшынёй Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляйен у Белым доме. Сярод тэм, якія абмяркоўваліся, была сітуацыя на мяжы Беларусі з ЕЗ, паведамляе polsatnews.pl.

«Мы цалкам падзяляем меркаванне аб тым, што гэта гібрыдная атака, накіраваная на дэстабілізацыю, але атака не атрымаецца. Мы абаронім нашы дэмакратыі», – сказала фон дэр Ляйен пасля больш чым гадзіннай гутаркі з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Яна заявіла, што крызіс на польска-беларускай мяжы закранае не толькі Польшчу і Беларусь, але і з’яўляецца адказнасцю ўсяго ЕЗ. Фон дэр Ляйен дадала, што яна і прэзідэнт ЗША дамовіліся звярнуцца да краін адпраўлення мігрантаў і дамовіліся разгледзець пытанне аб санкцыях супраць авіякампаній, якія дазваляюць „незаконны ўвоз людзей” у Беларусь.

Кіраўніца Еўракамісіі аб’явіла, што на наступным тыдні ЕЗ увядзе новыя санкцыі супраць Беларусі, якія закрануць як людзей, звязаных з рэжымам, так і прадпрыемствы.

„Рэжыму Лукашэнкі важна разумець, што яго паводзіны маюць сваю цану”, – падкрэсліла старшыня Еўракамісіі. Яна дадала, што санкцыі ЗША супраць Менска набудуць моц у снежні.

Фота: PAP / EPA / OLIVIER HOSLET

* * *

Сітуацыя на польска-беларускай мяжы стала галоўнай тэмай перамоў прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага і прэзідэнта Еўрапейскага савета Шарля Мішэля, якія прайшлі 10 лістапада ў Варшаве.

„Магчымыя санкцыі зноў на стале, і мы хочам скаардынаваць свае дзеянні з усімі дзяржавамі-членамі, каб зрабіць найлепшы магчымы выбар і вызначыць найлепшыя інструменты, каб быць эфектыўнымі і спыніць гібрыдную атаку супраць ЕP і Польшчы”, — заявіў Мішэль на сумеснай прэс-канферэнцыі паводле вынікаў перамоў.

Паводле слоў кіраўніка Еўрапейскага савета, ён гаварыў з Маравецкім не толькі пра Беларусь, але і пра іншых удзельнікаў „гэтай сістэмы. „Мы павінны растлумачыць ім, якія канкрэтныя наступствы такіх паводзін, і мы мусім быць гатовыя дзейнічаць, калі гэта неабходна”, — заявіў Мішэль.

Ён паведаміў, што „ў наступныя гадзіны” ў яго будзе „шмат кантактаў з усімі калегамі”, каб „пераканацца, што мы знаходзімся на адным баку і можам выказаць тое ж меркаванне”.

Паводле інфармацыі прэс-службы польскага кабінета, перамовы Маравецкага з Мішэлем — частка кансультацый Польшчы з іншымі членамі і інстытутамі ЕP „у кантэксце гібрыднай пагрозы з боку Беларусі”.

„Мы павінны выпрацаваць агульныя рашэнні, каб Польшча і ЕP заставаліся ў бяспецы”, — падкрэсліў Маравецкі. Падзеі апошніх дзён ён назваў выпрабаваннем для Польшчы і ўсёй Еўропы. „Усведамляем, што гэтыя рызыкі могуць абвастрыцца, а сітуацыя — пагоршыцца”, — адзначыў прэм’ер.

Маравецкі паведаміў, што ўсходнюю мяжу Польшчы ахоўваюць 15 тыс. памежнікаў і 13 тыс. вайскоўцаў.

Foto: PAP/Marcin Obara

* * *

За мінулыя суткі ў трох месцах у Падляшскім ваяводстве былі праведзены акцыі па прадухіленні перасячэння мяжы з беларускага боку мігрантамі, паведамляе падляшская памежная ахова.

Вялікія групы мігрантаў ад некалькіх дзясяткаў да 200 чалавек спрабавалі прарвацца праз мяжу, расказала на сённяшнім брыфінгу маёр Катажына Здановіч з падляшскай памежнай аховы:

– Учора было тры спробы перасячэння мяжы вялікай колькасцю мігрантаў. Каля 100 з іх спрабавалі фарсіраваць мяжу ў ваколіцах Крынак, каля 200 чалавек прыкладна ў 16-17 гадзін каля Белавежы і ўначы некалькі дзясяткаў чалавек у раёне Дубічаў Царкоўных.

Усе спробы перасячэння мяжы былі прадухіленыя, паведаміла маёр Здановіч. На практыцы гэта азначае, што тыя, каму ўдалося перайсці на польскі бок, былі вывезеныя зноў на мяжу.

Фота: poranny.pl

* * *

10 лістапада Польшча паінфармавала Паўночнаатлантычную раду пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы. «Саюзнікі па NATO выказваюць поўную салідарнасць з Польшчай і іншымі саюзнікамі, закранутымі відавочнай інструменталізацыяй мігрантаў з боку Беларусі, — сказаў прадстаўнік НАТА. – Саюзнікі далі зразумець, што Беларусь нясе адказнасць за гэты крызіс і што выкарыстанне рэжымам Лукашэнкі мігрантаў як гібрыднай тактыкі з’яўляецца негуманным, незаконным і непрымальным. NATO працягвае ўважліва адсочваць сітуацыю. Генеральны сакратар застаецца ў шчыльным кантакце з урадамі краінаў Альянсу ў гэтым пытанні. NATO застаецца напагатове надалей дапамагаць нашым саюзнікам і захоўваць бяспеку ў рэгіёне».

* * *

Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын апублікаваў відэа, на якім бачна, як беларускія сілавікі штурхаюцца з мігрантамі на мяжы.

„З-за дзеянняў беларусаў на нашай мяжы з’яўляюцца дадатковыя рызыкі. Як бачыце, паводзіны беларускага боку робяць натоўп небяспечным”, – напісаў Жарын у Твітэры. – Гэта таксама сведчыць аб правільнасці рашэння пра закрыццё памежнага пераходу.”

* * *

Польшча чакае бліжэйшым часам наплыву новых груп мігрантаў. Пра гэта паведаміў сёння прэс-сакратар міністра — каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын. “Мы чакаем чарговага наплыву груп [мігрантаў], якіх рыхтуюць у Менску для далейшага прасоўвання на Захад. У бліжэйшыя дні ці нават гадзіны мігрантаў будзе больш”, — прыводзіць яго словы выданне Gazeta Wyborcza. Паведамляецца таксама, што ў лагер мігрантаў на беларускім баку мяжы толькі цягам апошняй гадзіны прыбылі новыя 400 чалавек.

Фота: Reuters

* * *

Памежная служба Польшчы апублікавала відэа, на якім бачна група мігрантаў, якія ідуць па тэрыторыі Беларусі ўздоўж мяжы пад кантролем людзей у форме.

* * *

Жаўнеры 1-й Падляшскай брыгады АТ выконваюць задачы ў рамках аперацыі #SilneWsparcie.
Патрулі ў Саколцы на Падляшшы:

Фота: twitter.com/terytorialsi

* * *

Straż Graniczna апублікавала відэа лагера мігрантаў на мяжы:

* * *

Пасьля закрыцця «Кузніцы» чарга ў «Баброўніках» дасягнула 39 гадзін. У чарзе стаіць каля 840 аўтамабіляў, перадае Ineria. За мінулыя содні мяжу прайшлі каля паўтысячы грузавікоў.

Прычым тыдзень таму ў гэты ж час у Баброўніках увогуле не было чаргі грузавых аўтамабіляў, а два тыдні таму чакаць трэба было ўсяго дзве гадзіны.

У аўторак вечарам час чакання ў Баброўніках дасягаў аж двух содняў.

Паводле беларускага Памежнага камітэту, у чарзе з беларускага боку, у пункце пропуску «Бераставіца», стаіць 160 грузавікоў. Уначы іх колькасць дасягала 260.

***

Варшава папярэдзіла Менск аб магчымасці поўнага закрыцця руху праз мяжу — прэс-сакратар урада Польшчы.

Літоўцы за мінулыя суткі не пусцілі ў краіну 281 нелегала — большая колькасць непрынятых была толькі 4 жніўня — 321 чалавек. У панядзелак супрацоўнікі Памежнай службы адмовілі 73 мігрантам з Беларусі, 97 — у нядзелю, 98 — у суботу і 126 — у пятніцу. Раней літоўскія памежнікі паведамлялі пра вялікую канцэнтрацыю нелагелаў з беларускага боку ў раёне вёскі Кадыш, што ў Гарадзенскім раёне.

Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак паведаміў, што сённяшняя ноч на мяжы не была спакойнай: было шмат спроб прарвацца на тэрыторыю Польшчы. Але па словах кіраўніка ведамства, усе парушальнікі былі затрыманыя. На дадзены момант на мяжы з Беларуссю знаходзяцца 15 тысяч польскіх вайскоўцаў.

***

Дзве вялікія групы мігрантаў праніклі ў Польшчу з тэрыторыі Беларусі. Яны прарвалі агароджы ў ваколіцах Крынак і Белавежы, паведамляе Радыё Беласток.

Памежнікі паведамляюць, што частку людзей паспелі вярнуць да мяжы. Яшчэ адну групу шукаюць. Паводле ж прадстаўніка польскай памежнай службы Міхала Такарчыка, усіх мігрантаў затрымалі. Пра гэта ён паведаміў Радыё Люблін.

Беларускае Радыё Рацыя