Дзяды ў Варшаве
Ушанаваць памяць вядомых беларусаў, якія пахаваныя ў Варшаве, заклікае Беларуская Нацыянальная Памяць. У Дзень памяці продкаў – Дзяды, які пройдзе ў нядзелю 2-га лістапада, усіх беларусаў, якія знаходзіцца ў Варшаве, запрашаюць наведаць сталічныя могілкі “Павонзкі”, дзе знайшлі свой спачын многія выбітныя беларусы.
Кажа старшыня ініцыятывы Анатоль Міхнавец:
– Там пахаваны людзі, якія шмат зрабілі для Беларусі, якія былі вымушаныя апынуцца ў Варшаве і знайшлі тут свой спачын менавіта за сваю беларускую дзейнасць. Гэта і нарачоная Кастуся Каліноўскага Марыя Ямант, і знакаміты фатограф Ян Булгак, і пісьменнік ды журналіст Адам Плуг. Таксама ёсць асобы, якія шмат зрабілі для Беларусі. Напрыклад, Міхал Федароўскі, які каля 25 гадоў збіраў беларускі фальклор.
“Без мінулага – няма будучыні”, – дадае Анатоль Міхнавец. Удзел у памятным мерапрыемстве ў Варшаве возьме лідар КХП-БНФ Зянон Пазьняк, які распавядзе пра лёсы выбітных прадстаўнікоў беларускага народу. Збор удзельнікаў адбудзецца а 11-ай гадзіне на пляцоўцы перад уваходам у гандлёвы цэнтр “Arkadia”.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота radyjo.net