Дзякуючы народнаму майстру можна ўбачыць белавежскі палац
У Нараўцы, што на Гайнаўшчыне можна ўбачыць, як выглядаў царскі палац у Белавежы.
Будынак быў пабудаваны напрыканцы XIX стагоддзя па загадзе цара Аляксандра ІІІ. Тут расейскі імператар і ягоны нашчадак Мікалай ІІ разам з сям’ёй адпачывалі ды ладзілі паляванні ў Белавежскай пушчы.
Сам будынак не захаваўся да нашага часу. Ён быў знішчаны ў выніку пажару ў часы Другой сусветнай вайны. Цяпер, дзякуючы Раману Маліноўскаму, мы можам паглядзець, як выглядаў белавежскі палац.
Нараўчанскі майстра толькі, што завяршыў больш чым 2-гадовую працу па стварэнні драўлянага макета гістарычнага будынка.
Раман Маліноўскі: Гэта з майго ўласнага праекту. Я сядзеў і думаў, рысаваў схемы, і па ўласных схемах зрабіў. Вось гэта касцёл у Нараўцы, якога ўжо няма, бо ён згарэў, а я зрабіў вось такую рэканструкцыю. Калі ксёндз яго не возьме, дык я аддам на дабрачынны аўкцыён.
РР: Адкуль у вас узялася думка зрабіць гэты палац?
— Сын нашай рэдактаркі Ядзі Карпюк сядзеў тут у мяне, бо прыходзіў рабіць фотаздымкі, калі я заканчваў гэты касцёл. Ён і сказаў: «Трэба было б і белавежскі палац зрабіць». А я маўчу. Тады ён кажа: ну відаць не дасі рады. Калі ён такое сказаў, дык мяне і панесла. І я 15 верасня пачаў рабіць той палац — 2 гады і месяц рабіў.
РР: А якія матэрыялы вы выкарыстоўваеце?
— Я бяру скрынкі з-пад апельсінаў.
РР: Вы рабілі праект на падставе фотаздымкаў, апісанняў? Крыху і ў архіве пасядзелі?
— Я ўдзячны гайнаўскаму віцэ-старасце Скепцы, які прыехаў і прывёз мне альбом «Белавежа», найноўшае выданне. Ён мне яго падараваў. Дзякуючы гэтым матэрыялам я пачаў дакладней рабіць. Каб ён даў тое раней, дык я б можа яшчэ дакладней зрабіў, бо з тых вялікіх здымкаў і з таго, што ёсць у інтэрнэце не так бачна як тут.
РР: Тут нават дзверы адчыняюцца.
— Так. І балконы завешаныя, як на фотаздымках.
РР: А калі па-парадку: з чаго вы пачынаеце працу? Глядзіце фотаздымкі, чытаеце .
— Спачатку вылічваю маштаб. Я атрымаў падставу памерамі метр дваццаць на два з паловай метры. Хацеў у маштабе 1:25 — не выходзіла. Не змясціліся б сходы і тэраса, куды карэты пад’язджалі. Думаў, думаў і зрабіў у маштабе 1:22. Усё перамераў і тады пачаў рабіць, паводле замераў, схемы. Так і пайшло і вось да чаго дайшло…
РР: А дзе можна пабачыць гэты палац?
— Пакуль нідзе, толькі тут трымаю. Многа экскурсіяў прыходзіць Пераважна, групы са Швейцарыі. Яны ўсё фатаграфуюць і распаўсюджваюць у сябе. І архітэктары з геадэзістамі былі з Беластока і былі вельмі здзіўленыя, бо некаторыя бралі мерку і казаў адзін: пакажы мне фотаздымак. Я яму даў фотаздымак. Ён узяў мерку, памераў па фатаграфіі, а потым падышоў да палаца памераў. І кажа мне: «А якую ты школу скончыў?» А я — ніякую. А ён кажа, дык у цябе прыродныя здольнасці. А яму кажу: «У кожнага ёсць і здольнасці і хобі, толькі трэба мець цярпенне, бо інакш не зробіш». Я па 13-18 гадзінаў у дзень сядзеў. А 23-й клаўся і а 3-й уставаў, бо не мог заснуць.
РР: А цяпер будзеце царкву рабіць?
— Так. Нашу царкву.
Макеты цікавых з гледзішча архітэктуры будынкаў, створаных нараўчанскім майстрам Раманам Маліноўскім, можна паглядзець у ягоным доме, што па вуліцы Колеёвай 10, у Нараўцы. Некаторыя ягоныя працы можна было ўбачыць на выставе ў галерэі імя Тамары Саланевіч у Нараўцы.
Цалкам гутарку з майстрам слухайце ў далучаным аўдыёфайле
[Not a valid template]
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара