Дзяніс Бондараў: Запрашаю на беластоцкую акцыю за свабодныя выбары ў Беларусі
Акцыі за свабодныя выбары ў Беларусі працягваюцца за яе межамі. У бліжэйшую сераду ў Беластоку пройдзе пікет каля беларускага Генконсульства. Арганізатарам выступіў жыхар гораду Дзяніс Бондараў родам з Менску, які застаецца беларускім грамадзянінам. Ён кажа, што ніколі раней не ладзіў палітычных акцыяў і таму быў вельмі ўражаны стаўленнем беластоцкіх уладаў.
– Патэлефанаваў у кіраўніцтва горада. Вельмі прыязная чыноўніца ветліва і зразумела мне патлумачыла. Я скарыстаў на гэта 10-15 хвілін. Аформіў заяву і накіраваў яе ў кіраўніцтва горада ў электронным выглядзе. Пасля гэтага я яшчэ паразмаўляў з прадстаўніком паліцыі. Са мной так ветліва, відаць, нават у краме ніколі не размаўлялі.
Дзяніс Бондараў заклікае прыносіць з сабой самаробныя плакаты ды тэпці, як цяперашні сімвал пратэсту, а таксама не забывацца пра маскі і дыстанцыю.
Акцыя каля Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку, што на вул. Электрычнай-9, пачнецца 24 чэрвеня а 16-30 паводле мясцовага часу і будзе трываць гадзіну.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя