Дзяніс Давыдаў: Беларуская дыяспара ў Латвіі была, ёсць і будзе!



У Рызе з’явіцца сквер імя Францішка Скарыны. Адпаведнае рашэнне было прынятае 29-га лістапада Гарадской Думай Рыгі, якая і ўхваліла праект размяшчэння сквера. Усё гэта стала магчымым, дзякуючы супрацы беларускай дыяспары Латвіі, беларускіх дэмакратычных сіл і ўладаў Рыгі.

Вольга Сямашка, пагутарыла з прадстаўніком аб’яднання беларусаў Латвіі «Суполка» Дзянісам Давыдавым пра тое, як доўга рэалізоўвалася ідэя сквера Скарыны ў Рызе; чым і як жыве беларуская дыяспара ў Латвіі; як складваюцца стасункі з беларускай нацыянальнай меншасцю ў Латвіі; з якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы ў Латвіі і ці выбіраюць гэтую краіну для сталага жыцця.

РР: Днямі пайшла навіна, што ў Рызе павінен з’явіцца сквер Скарыны. Чыя гэта была ініцыятыва, і хто першы гэта прыдумаў, і чаму менавіта там?

– Гэтая ініцыятыва нарадзілася досыць даўно, яшчэ ў 2017 годзе. Мы як беларускія суполкі звярнуліся да мэра Рыгі, але ініцыятыва не знайшла падтрымкі ў мясцовай адміністрацыі. Зноў ініцыятыва зʼяўляецца ў 2020 годзе. Тады ўжо абʼяднанне беларускіх суполак Латвіі звяртаецца да мэра, і прапануе назваць вуліцу іменем беларускага першаасветніка. Добрай нагодай падтрымкі гэтай ініцыятывы заявіўся візіт Аліны Коўшык і сустрэча ў мэрыі вясной гэтага году. Калі мы з Вячкам Целешам, Аліна Коўшык і я, сустракаліся з прадстаўнікамі мэрыі, зноў агучылі ініцыятыву. Нам прапанавалі дакладны варыянт дзе будзе размяшчацца сквер, і прапанавалі яго зацвердзіць.

РР: На сёння на якім этапе знаходзіцца само ўзгадненне скверу, ужо ёсць рашэнне мясцовых уладаў, сам праект, ці нешта яшчэ такое? На якой стадыі гэта ўсё знаходзіцца?

– Было галасаванне Гарадской Думы якое ўхваліла гэты праект. Цяпер можна сказаць, што такі сквер у Рызе будзе. Але будзе яшчэ ўладкаванне тэрыторыі, таму афіцыйнае адкрыццё скверу намечана дзесьці на пачатку наступнага году.

РР: Ці можа гэта супасці з Днём Волі 25?

– Так, таксама ёсць такая імавернасць.

РР: Як мясцовыя жыхары паставіліся да такой ініцыятывы беларускай дыяспары, і што яны кажуць пра адкрыццё такога скверу? Вы рабілі такія апытанні, ці можа яны самі звярталіся і казалі нешта?

– Тыя, з кім я размаўляў наконт гэтага, падтрымліваюць. Таксама як і падтрымліваюць беларусаў якія сюды прыехалі пасля 2020 году. То бок можна казаць, што вельмі пазітыўна.

РР: Агулам яны падтрымліваюць Вашыя акцыі, канцэрты, выступы? Ці шмат жыхароў Рыгі прыходзяць на такія імпрэзы? Што яны ўвогуле кажуць пра Беларусь? Яны даведаліся больш? Ці ёсць у іх нейкія стэрэатыпы, маўляў краіна-агрэсар, якое ўвогуле стаўленне да беларусаў?

– На гэты конт мы рабілі выставу, якая называлася «Крэатыўная Рэвалюцыя», дзе расказалі пра падзеі 2020 году, а таксама наступствы, у якіх цяпер перабывае нашая краіна. Таксама мы ўдзельнічалі ў Дні Рыгі, дзе паказвалі сучасную беларускую культуру, дзе мастачка Вольга Якубоўская прэзентавала свой майстар-клас. Магу сказаць, што была вельмі вялікая зацікаўленасць нашымі мерапрыемствамі.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З «Госцем Рацыі» – прадстаўніком аб’яднання беларусаў Латвіі «Суполка» Дзянісам Давыдавым, камунікавала Вольга Сямашка.

Фота з архіву Дзяніса Давыдава:

Беларускае Радыё Рацыя