Дзяніс Тарасенка: Гэта супер, што адбываюцца такія тусоўкі
У Варшаве завяршыўся Тыдзень беларускай культуры. Да таго ж у нядзелю адбыўся вялікі оўпэн-эйр Huchna Fest, на якім выступілі вядомыя творчыя дзеячы.
Далучыўся да падзей і сённяшні Госць Рацыі – удзельнік гурта “Разбітае Сэрца Пацана” Дзяніс Тарасенка. Сярод іншага музыка прыняў удзел у дабрачынным турніры ў пінг-понг. Сродкі, сабраныя падчас той гульні, будуць накіраваныя на падтрымку палітвязняў.
У размове з нашым карэспандэнтам Марынай Савіцкай артыст распавёў пра спаборніцтва, а таксама пра важнасць Тыдня беларускай культуры.
РР: Як адбыўся гэты першы момант, калі ты атрымаў запрашэнне, твая першая рэакцыя на гэта, твае першыя думкі?
Дзяніс Тарасенка: Мая першая думка, што я абсалютна зусім не ўмею гуляць у пінг-понг, ніколі ў жыцці гэтага не рабіў і гэта будзе такая публічная параза, але тым не менш усё для людзей, усё для спажыўцоў, для слухачоў, для гледачоў. Таму я з задавальненнем прайграваў сэт за сэтам толькі б людзі атрымалі задавальненне ад гульні. Азы, асновы мне паказаў Паша Свярдлоў, а потым, калі я ўжо разгуляўся, першы сэт, другі, трэці, я нават лавіў нейкую лёгкасць, я кіраваў ракеткай, а не ракетка кіравала мной. І ўжо напрыканцы майго ўдзелу ў гэтым турніры я адчуваў сябе чалавекам, які збольшага ўмее гуляць у тэніс. Вось гэта яшчэ адзін скіл, адна нейронная сувязь у галаве сфармавалася. Супер, цудоўна.
РР: Наогул Huchna Fest мае вельмі вялікую праграму абсалютна розных накірункаў – гэта і музыка, і літаратура, і пляцоўка сацыяльных актыўнасцяў. Ці атрымалася табе што-небудзь убачыць, чым-небудзь яшчэ заняцца акрамя ўласна гэтай гульні.
Дзяніс Тарасенка: Усе намаганні і сілы паклаў на тэніс, гэта натуральна, таму што трэба было навёрстваць тое, што прапушчана на працягу 45 гадоў. І мне трэба авалодаць было тэнісам за 10 хвілін. Таму я асабліва нідзе не ўдзельнічаў, але я прайшоўся, паглядзеў. Вельмі цікава, сустрэў усіх сваіх сяброў-знаёмых, пасядзеў, крыху паслухаў на літаратурнай сцэне, абышоў усе стэнды, усё вельмі цікава, карысна. І гэта супер, што адбываюцца вось менавіта такія тусоўкі. Гэта правільна.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя