Дзяніс Урбановіч: Мы перайшлі на натаўскі стандарт



Усе беларусы з надзеяй глядзяць на Украіну і беларускі полк Каліноўскага, які ваюе за свабоду Украіны і Беларусі. Як кажуць самі беларусы, час кветачак і белых шкарпэтак прайшоў.

Дзяніс Урбановіч

„Госць Рацыі” беларус Дзяніс Урбановіч з батальёна „Волат”, які ваюе ва Украіне:

РР: Страшна на вайне?

– Ды не, у турму ехаць страшней. Тут ты з аўтаматам у руках, у цябе ёсць гранаты, пісталет. Ты разумееш, што калі штосьці не так, то застрэліцца можна. А там у цябе нічога няма, табе не дадуць памерці, але і жыць таксама не дадуць.

РР: Як ты глядзіш на цяперашнія перамогі ўкраінскай арміі?

– Даведаўся толькі сёння, бо я быў без інтэрнэту. Калі там і быў інтэрнэт, то я не мог поўнасцю пачытаць. Два дні сядзеў пад жорсткімі абстрэламі. Так атрымалася, што атрымаў інфармацыю толькі зараз. На тым накірунку, на якім знаходзімся мы, мы таксама зайшлі на расейскія пазіцыі, якія яны кінулі і сышлі. Я наздымаў відосаў, яны ўсё пакідалі і пасыходзілі. Я думаў, што хутчэй за ўсё ў маскалей пачынаецца недахоп зброі і людзей. Назіраю апошнім часам, што раней „арта” працавала кожны дзень, а цяпер яна не працуе. Украінскае войска больш падрыхтавана, бо іх жа рыхтавалі пад натаўскі стандарты, яны больш абучаныя, больш разумныя. Сёння даведаюся больш навінаў, пачытаю, што і як. Я не ведаў, што і Ізюм зайшлі, толькі сёння даведвацца пачаў.

РР: Дзе зараз знаходзіцца полк Каліноўскага?

– Полк Каліноўскага знаходзіцца ў Кіеве. Мы, батальён „Волат”, знаходзімся недалёка ад фронта.

РР: Батальён „Волат” адносіцца да палка Каліноўскага?

– Так. Самыя языкастыя і самыя труслівыя сядзяць у Кіеве ў палку „Каліноўскага”, а самыя добрыя байцы наперадзе.

РР: Ці былі ў апошні час у беларусаў страты?

– Я буду казаць пра батальён „Волат”. У нас стратаў няма дзякуй Богу. У астатніх я не ведаю. Я чуў, што недзе нашыя хлопцы падарваліся, чуў гэта перад выездам. Зараз буду пытацца, што ўвогуле чуваць. Там усе жывыя, мне так сказалі.

РР: Вы забяспечаныя ўсім неабходным?

Мы забяспечаны ўсім. У нас усё ёсць, тут пытанняў няма. Усё добра. Змянілася зброя, мы перайшлі на натаўскі стандарт – гэта калібр 5,56. У нас ужо не аўтаматы Калашнікава, а SCAR, CZ. Ва ўсіх нашых падраздзяленнях ужо іншая натаўская зброя стандарт NATO. Задаволены новай зброяй, яна лягчэй і больш эфектыўная.

РР: Ці трэба было перавучвацца, каб карыстацца новай зброяй?

– Не, там усё тое ж самае. Разборку, зборку толькі паглядзець, як робіцца і ўсё. Ён лёгкі ў выкарыстанні.

РР: Ці сустракаецеся вы з украінскімі ваярамі?

Так, канешне. Сумесныя аперацыі, сумесныя нарады.

РР: Украінскія вайскоўцы давяраюць беларусам?

– Поўны давер. Яны бачаць, як мы працуем, як ідзе бой. Навошта казаць словы, калі па справе бачна на што мы гатовыя і што мы робім.

Цалкам гутарку слухайце з далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя