Дзясяткі тысяч беларускіх айцішнікаў пераехалі ў Польшчу
Дзясяткі тысяч беларускіх айцішнікаў пераехалі ў Польшчу. На беларусаў прыпадае больш за 93% заявак на візы па праграме Poland.Business Harbour.
Пераважная большасць заявак на польскія візы па праграме для IT-спецыялістаў Poland.Business Harbour была пададзена ад беларусаў. Аб гэтым піша выданне Rzeczpospolita спасылкай на дадзеныя Польскага агенцтва па гандлі і інвестыцыях.
Як паведамляюць у агенцтве, з восені 2020 года да канца сакавіка 2023-га ў Польшчу прыбылі больш за 72,2 тысячы IT-спецыялістаў з розных краін. Большасць з іх прыехала з Беларусі. На беларусаў прыпадае больш за 93% заявак на візы па дадзенай праграме, якія падаваліся як праз кампаніі, зарэгістраваныя ў Польшчы, так і праз польскія дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжой.
Частка заявак на візы паступіла праз інвестыцыйныя праграмы кампаній з-за ўсходняй мяжы Польшчы: усяго такіх праграм 122, і большасць з іх таксама звязана з кампаніямі з Беларусі.
На другім месцы па колькасці заявак знаходзяцца грамадзяне Расеі (3,8%) і Украіны (менш за два працэнты заявак). Пры гэтым пасля пачатку расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны кампаніі з РФ больш не могуць скарыстацца праграмай Poland.Business Harbour. Украінцы, у тым ліку IT-спецыялісты, могуць знаходзіцца і працаваць у Польшчы без візаў і дазволаў.
Праграма Poland.Business Harbour – гэта комплекс паслуг, які дазваляе фрылансерам, стартапам, малым і сярэднім, а таксама буйным прадпрыемствам аператыўна і ў спрошчаным парадку пераехаць на тэрыторыю Польшчы.
„Польскае радыё”