Эдуард Швайко: Кожны беларус застанецца ў маім сэрцы
Сваю місію завяршае дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы Эдуард Швайко.
Беларускі культурны цэнтр быў утвораны ў 2008 годзе ў Беластоку як культурнае прадстаўніцтва беларускага пасольства. У 2011 годзе сядзіба ўстновы была перанесена з Беластока ў Варшаву. З таго часу цэнтрам пачаў кіраваць Эдуард Швайко.
– Традыцыя ў дыпламатыі такая: толькі прыехалі і ўжо трэба рыхтавацца да ад’езду. Тры гады з нечым праляцелі вельмі хутка. Гэта другая кадэнцыя. Я ўдзячны лёсу, што аказаўся тут і меў магчымасць і гонар працаваць на Падляшшы. Кожны з беларусаў застанецца ў маім сэрцы. Усе гэтыя людзі робяць свой уклад, застануцца для мяне прыкладам, як можна і варта ставіцца да сваіх каранёў.
Эдуарда Швайко на пасадзе дырэктара Культурнага цэнтра Беларусі заменіць Міхаіл Рыбакоў.
– Пасля таго, як папрацаваў спадар Эдуард, вдядома, мне будзе цяжэй, бо з яго вопытам падтрымаць той узровень будзе не так проста. Але дзякуючы таму, што я ўжо не першы год працую і з нацыянальнымі супольнасцямі, і з беларусамі замежжа, маю пэўны вопыт. Спадзяюся, дзякуючы беларусам, якія тут пражываюць, і стасункам са СМІ, бо мы робім агульную справу, усё будзе адбывацца.
Міхаіл Рыбакоў раней працаваў, між іншым, як прэс-сакратар упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі.
Асноўнымі задачамі дзейнасці цэнтра ёсць шырокае прадстаўленне беларускай культуры і мастацтва ў Польшчы, садзеянне развіццю сувязей ды падтрымка дзейнасці беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Галоўным мерапрыемствам, якое праводзіць цэнтр, ёсць конкурс «Пазнай Беларусь».
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота zinafedziunina.com