Экалагічная катастрофа на Кіеўшчыне пашыраецца
Да масштабнага пажару на Васількоўскай нафтабазе дадаліся загаранне лясных масіваў пад Кіевам і тарфянікаў пад Ірпенем. Украінская сталіца ў вогненым кальцы.
Сёння зраніцы неба над Дняпроўскім раёнам Кіева зацягнутае чорным дымам. Мясцовыя жыхары паведамляюць пра лясныя пажары, якія распачаліся непадалёк Дарніцкага вагонарэмонтнага завода. Агонь рухаецца ў бок жылых масіваў. Палясоўшчыкі спрабуюць згасіць полымя самастойна.
У Ірпені, што непадалёк украінскай сталіцы, гараць тарфянікі. Плошча пажару пакуль невялікая, каля гектара, але імкліва пашыраецца. Сітуацыя ўскладняецца тым, што дзейсныя правілы бяспекі забараняюць пажарным разлікам працаваць на тарфяніках у цёмны час сутак.
Тым часам агонь на Васількоўскай нафтабазе, нягледзячы на заяву міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава пра лакалізацыю пажара, дагэтуль не могуць згасіць. Жыхары Васількова распачалі самастойную эвакуацыю з горада. Колькасць шкодных рэчываў у кіеўскім паветры крытычная.
Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна.
Фота 2000.ua