„Eko Forum-2017” у Беластоку



“Напрамкі развіцця эка-энергетыкі”. Пад такім загалоўкам праходзіць у Беластоку агульнапольская канферэнцыя, прысвечаная экалагічным відам энергіі. На канферэнцыі  сустрэнуцца самаўрадаўцы, інвестары, выканаўцы і вытворцы экалагічных тэхналогій.

Сёлета сярод выступоўцаў – госці з Беларусі. Аб магчымасцях выкарыстання адкідаў з апрацоўкі дрэва і экспарце паліўных гранулаў з Беларусі распавядае дырэктар прадпрыемства „Беллесэкспарт” Мікалай Малышаў:

– Сёння аб’ёмы даволі вялікія, прыкладна каля 1,5 млн тон толькі адной паліўнай шчэпкі мы можам адправіць на экспарт у Польшчу. І не толькі. Польшча зараз не галоўны пакупнік. У нас зараз больш інтэнсіўна развіваецца кірунак на Прыбалтыку.

Падчас форума ў Беластоку арганізатары вылучылі найлепшыя ідэі, звязаныя з развіццём аднаўляльных крыніц энергіі і экалагічнага жыцця сярод грамадства. Узнагароды атрымалі, між іншым, фірма, якая робіць талеркі з пшанічнага вотруб’я, Польская энергетычная група ды Польская ўправа паліўных гранулаў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток