Эколагі працягваюць пратэсты супраць высечкі дрэў у Белавежскай Пушчы
У Пасталове, што пад Гайнаўкай, з аўторка 13 чэрвеня працягваецца блакада машын, якімі высякаюць мясцовыя пушчанскія дрэвы. «Машынамі, якія мы блакуем у апошнім часе здзяйснялі высечку лясных масіваў, якім больш за сто гадоў», — кажа Катажына Ягелла з арганізацыі «Грынпіс»:
— Гэта вельмі цэнныя лясныя абшары, якія яшчэ да лютага гэтага года былі пад аховай. Там не рабілі такой высечкі. На жаль, з’явілася Пастанова № 51, якая зняла ахову з гэтых найбольш цэнных абшараў лесу, што не ўваходзяць у тэрыторыю Нацыянальнага парку.
Блакадай машын у Пасталове зацікавіліся таксама мясцовыя жыхары, у тым ліку з Гайнаўкі. Сярод пратэстуючых і жыхар Менска, і актывісты з Познані:
— Вельмі важна абараняць натуральны лес, гэта наша спадчына, гэта вельмі важная справа для ўсяго грамадства.
— Гэта тая самая энергія, якая ёсць ува мне, я падтрымліваю ўсіх, хто тут цяпер ёсць.
— Я прыехаў з Менска. Пушча — гэта адзіны прыродны механізм і тое, што адбываецца па адзін бок мяжы, будзе ў будучым адбівацца на другім. Варта далучыцца і абараняць пушчу.
У сувязі з умашальніцтвам паліцыі, якое адбылося 4 чэрвеня ў Чарлёнцы пад Белавежай, Адам Богдан з Фонду «Дзікая Польшча» і пісьменнік Міхал Ксёнжэк будуць складаць заявы ў суд.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара