Экскурсія па Беластоку, прысвечаная падзеям 1939 года



Беларускі гістарычны клуб Beer&History зладзіў экскурсію па вуліцах Беластока, прысвечаную падзеям 1939 года.

Удзельнікі шпацыру з гісторыкам Алесем Кіркевічам прайшліся вуліцай Ліповай ад касцёла Св. Роха да Рынка Касцюшікі, палаца Браніцкіх і тэатра імя Венгеркі, дзе ў свой час быў прыняты акт аб далучэнні Беласточчыны да СССР. На думку гісторыка, тое далучэнне стала трагедыяй для народаў, што тут пражывалі.

Далучэнне да БССР, гэта не значыла, што Беларусі стала больш, што для беларусаў гэта было класна. Ні ў якім разе. Таму што рэпрэсіі, якія прыйшлі за савецкім салдатам, за салдацкім савецкім ботам, яны закранулі абсалютна ўсе катэгорыі насельніцтва – і праваслаўных, і каталікоў, і жыдоў, і палякаў, і ў тым ліку беларусаў. Таму гэтая падзея трагічная. І не трэба, як дурням цешыцца, о Беларусі прырасло, Беларусі стала больш. Савецкага саюза стала больш, а не Беларусі. І вось гэта вельмі важна памятаць і мець па гэтым пункце агульную пазіцыю – у беларусаў і палякаў. Бо гэтая падзея адназначна трагічная.

Не так даўно па гэтым экскурсійным маршруце гарадскімі ўладамі былі ўсталяваныя стэнды з архіўнымі фотаздымкамі вуліц Беластока ў 1939 годзе. Дзякуючы якім, кожны можа параўнаць, як выглядалі пад час тых падзеяў тыя ці іншыя вуліцы ды будынкі горада.

Цалкам матэрыял:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя